Барыс Кіт расказвае, як дажыць да 100 гадоў

6 красавіка 100-гадовы юбілей сустракае вядомы беларускі асьветнік, амэрыканскі навуковец, спецыяліст у галінах астранаўтыкі, матэматыкі, фізікі, хіміі, ганаровы прафесар Мэрылэндзкага ўнівэрсытэту ў ЗША, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі Барыс Кіт.

Напярэдадні юбілею ў Франкфурце-на-Майне, дзе жыве цяпер Барыс Кіт, з усясветна вядомым навукоўцам і шчырым патрыётам Беларусі пагутарыў  карэспандэнт "Радыё Свабода" Валер Каліноўскі.

“Барыс Уладзіміравіч, сто гадоў — цудоўная і нават унікальная магчымасць не толькі падвесці вынікі жыцця, але і ацаніць ягоную якасць, разабрацца ў ягонай філасофіі. І таму я хацеў бы, каб вы, зыходзячы са свайго канкрэтнага жыццёвага досведу, адказалі на некалькі агульначалавечых пытанняў. Ну і найперш: што трэба, каб дажыць да 100 гадоў?”

 “Каб дажыць да 100 гадоў, ёсьць шмат такіх элемэнтаў, прычын, звязаных не толькі з харчаваннем ці захаваннем здароўя, але таксама і з цікавым інтэлектуальным жыццём. І вось гэта мне ўдалося ў маім жыцці. Па-першае, на Беларусі я шмат гадоў быў настаўнікам і вельмі любіў гэтую сваю прафэсію. І лічу, што гэта адна з найважнейшых і найцікавейшых прафесій у чалавецтва.

А пазней у Амерыцы мне ўдалося таксама патрапіць у навуку, у даследаванні найцікавейшых рэчаў у астранаўтыцы. Асабліва я ганаруся, што я браў удзел у распрацоўцы падарожжа на Месяц. Гэта Амерыка паспяхова закончыла, паслаўшы 6 разоў сваіх астранаўтаў на Месяц. Адначасна я таксама быў прафесарам Мэрылэндскага унівэрсытэту, 30 гадоў, што мне таксама давала вялікае задавальненьне, бо я вучыў новыя пакаленьні навуцы. Вось гэта ўсё і склалася на тое, што мне Бог даў пражыць так доўга. Аж 100 гадоў. Можа, таксама памагло тое, што на Беларусі на пачатку майго жыцця ў дзяцінстве прыйшлося перажываць страшэнна цяжкія часы, голад і іншае — гэта таксама дапамагло фізічнаму стану чалавека.

А таксама, што самае галоўнае, я стараўся дапамагаць людзям, любіў людзей, дапамагаў ім. І гэта мне прыносіла вялікае задавальненне. Я стараўся ніколі нікому не зрабіць шкоды, гэта значыць, што я маю чыстае жыццёвае сумленне. І гэта, лічу, ёсць вялікая частка прычын таго, што зберагае чалавека, дапамагае яму трымацца здаровым”.

“Апрача гэтага, што вам яшчэ прыносіла ў жыцьці радасць?”

 “Само жыцьцё, вось, напрыклад, кантакты з вялікімі людзьмі, з добрымі сябрамі, шчаслівы шлюб, магчымасць мець выдатных дзяцей. Я меў двух сыноў. На жаль, адзін ужо памёр... Але ён дасягнуў высокіх ступеняў у сваёй кар’еры, сышоўшы ў адстаўку памочнікам кіраўніка НАСА ў Вашынгтоне. Другі мой сын, таксама паспяховы, вельмі шмат мне прыносіў задавальнення, радасці, стаў хірургам, што з'яўляецца складанай прафесіяй. На заканчэнне хачу сказаць, што я шчаслівы чалавек, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці і моманты, калі мне даводзілася ледзьве не памерці, пражыў гэта ўсё, прайшоў. Я лічу, што самы найвышэйшы наш апякун Бог мяне трымаў увесь час у сваёй апецы”.

 “Як вы ставіліся цягам свайго жыцця да няўдачаў, да бедаў і праблемаў?”

“Усяго поўна было ў жыцці. Жыццё было доўгае, і праблем было шмат. Ну вось хоць бы тое, што я ўжо згадаў, што я падчас нямецкай акупацыі Беларусі быў арыштаваны, абвінавачаны ў сувязях з партызанамі і правёў у Глыбокім 30 дзён, кожны дзень чакаючы смерці, у камэры смяротнікаў. Ну вось, адна з асноўных цяжкасцяў, што я перажыў”.

 “Што давала вам сілы гэта перажыць?”

“Цікавае ў маім характары тое, што ў самыя цяжкія моманты прыходзіла нейкае такое халоднае цярпенне. Адносіўся да ўсяго з прымірэннем і холадам. Што будзе — тое будзе”.

“Барыс Уладзіміравіч, у чалавечым жыцьці чаго больш — радасці ці гора?”

“Цяжка мераць. Можна было толькі сказаць, што многа было аднаго і другога. Гэта не памераеш ніякай лінейкай”.

“Барыс Уладзіміравіч, вам 100 гадоў, і вы можаце напэўна адказаць, ці ёсць узроставая мяжа для кахання?”

“Я нармальны чалавек, зразумелая рэч, што я як мужчына меў розныя каханні ў сваім жыцьці, ад малых гадоў нават. І меў вельмі такія цудоўныя моманты жыцця, якія правёў з кабетамі. Некаторыя з іх цяпер не жывуць нават, але таксама ёсць такія, што жывуць, і я вельмі ім удзячны, бо, асабліва апошняя мая, Тамара, яна мне вельмі дапамагла ў маім жыцці ў Нямеччыне. Таму што сама яна высокаінтэлігентная жанчына, дапамагала мне ўсюды, і я яе таксама заўсёды браў з сабою, калі ездзіў на міжнародныя кангрэсы астранаўтыкі”.

“І, завяршаючы размову, хацеў бы спытаць: ці ў цэлым вы лічыце сябе шчаслівым чалавекам?”

“У апошні момант памёр мой старэйшы сын, і вось гэта мяне вельмі засмуціла. Але наагул да гэтага я мог сказаць, што я сапраўды шчаслівы чалавек”.

Радыё Свабода