Асяродак беларушчыны ў Антверпене

Дзень добры, айцец Ян, распавядзіце, калі ласка,  крыху пра сябе і сваю сям’ю. Адкуль Вы родам, чым займаюцца Вашыя бацькі? Як сталі сьвятаром?

Пару тыдняў таму мне споўнілася 35 гадоў. Я нарадзіўся на Наваградчыне ў вялікай беларускай сялянскай сям’і. Мо’, калі параўноўваць з ранейшымі часамі, яна была ўжо й не такая вялікая, але, адным словам, нас, дзяцей,  у бацькоў - пяцёра. Я маю яшчэ дзьве сястры і два браты. Маё маленства і юнацтва прабегла ў Міцкевічавым Наваградку і яго ваколіцах.  Дарэчы, я вельмі люблю гэты горад, ягоную сьціпласьць і адначасовую веліч і прыгажосьць.  У свае часы я любіў спацыраваць па ягоных вулічках, узыходзіць на Замкавую гару, ля падножжа якой стаіць старажытная Вітаўтава фара. У гэтай сьвятыні я любіў маліцца да Маці Божай Наваградскай словамі Міцкевіча:

“Паненка, што Ясну бароніш Гару Чанстаховы,

І сьвеціш у Вострай Браме, што горад замковы

Бароніш Наваградзкі з верным ягоным жа людам!”…

Мае бацькі – сяляне, ахвярныя працаўнікі на зямельцы да сёньняшняга дня. Яны заўсёды мелі вялікую гаспадарку, так што ані самі без работы не заставаліся, ані нам незанятымі быць не дазвалялі. Любімая татава прымаўка “Пад ляжачы камень вада не цячэ” заўсёды панукала працаваць сваімі рукамі, быць простымі, прыяцельскімі і справядлівымі ў дачыненьнях зь людзьмі.

Пакліканьне да сьвятарства я адчуваў з самага раньняга маленства. Праўда тады яшчэ я не ведаў, што гэта пакліканьне. Мне падабалася ўсё зьвязанае з Верай. Я з цікавасьцю назіраў за матуляй, якая перад сном малілася і прамаўляла зусім незразумелае “Мятцай Сына і Сьвятога Духа...” Я яшчэ не ведаў, што “мятцай” гэта звычайнае “у імя Айца”... Калі мне яшчэ не было 10 гадоў, я знайшоў у старым бабуліным куфры старажытны малітоўнік і пачаў гучна вычытваць незразумелыя пацеры. Тады ж спазнаў, так сказаць, першыя “ганеньні за Веру”: мае вычыткі так надакучылі сястры, што яна цішком мой малітоўнічак спаліла...  Але гэта не спыніла майго памкненьня да духовай заангажаванасьці. Я завёў сабе блакноцік, у які выпісваў ўсе малітоўныя і духоўныя выразы зь любых  кніжак, што траплялі ў мае рукі... Такім жа чынам у мяне зьявілася і мая першая “Біблія” – сшытак, у які я выпісваў цытаты са Сьвятога Пісаньня, што прыводзіліся ў атэістычных  крытычных выданьнях.

Яшчэ перад службай у войску, гэта значыць у канцы 80-х, чытаючы маладзёвы часопіс “Парус”, я даведаўся, што ў Жыровіцах адчыняецца семінарыя, і напісаў туды ліст, але, на жаль, ніякага адказу адтуль  я так і не дачакаўся. Тады я напісаў пісьмо ў рэдакцыю часопіса, у якім прасіў дапамагчы знайсьці Братоў па Веры. Пісьмо маё было апублікаванае і я атрымаў велізарную колькасьць пісем ад хрысьціянаў самых розных канфэсій і плыняў, але на той час я ўжо быў пакліканы ў войска і не змог весьці вялікую карэспандэнцыю. У Латвіі, дзе мне давялося служыць, я пазнаёміўся з практыкуючымі веруючымі – каталікамі і праваслаўнымі. Так сталася нават, што першым маім друкаваным малітоўнічкам, пры дапамозе якога я маліўся, быў машынапісны самвыдат на польскай мове кірылічнымі літарамі. Там жа, у Латвіі, я пазнаёміўся з праваслаўнымі сьвятарамі, якія сталі маімі духоўнікамі і настаўнікамі ў Веры і ўмацавалі мяне ў намеры паступаць у семінарыю.

Звольніўшыся з войска, я адразу паехаў у Жыровіцкі манастыр і паступіў у тамашнюю Духоўную семінарыю, якую скончыў праз пяць гадоў, г.зн. у 1998 годзе, атрымаўшы сьвятарскія сьвячаньні.

За год да завяршэньня семінарыі я ажаніўся з вельмі пабожнай дзяўчынай Алінай, зь якой у гэтым годзе будзем адзначаць 10 гадоў сумеснага жыцьця. Бог даў нам на сёньняшні дзень чацьвярых дзяцей: дачку Анастасію-Кацярыну і трох сыноў – Давіда-Аттылу, Арсеня-Пятра і Авеля-Францішка.

Як Вы апынуліся ў Бэльгіі?

Як апынуліся? З Божае волі. На сёньняшні дзень скажам так: апынуліся, каб выканаць заданьне Царквы па зграмаджэньню  і духовай апецы над тутэйшымі беларусамі. Прыехалі мы сюды з сям’ёй у 2001 годзе. На першых порах было даволі цяжка, але Госпад не пазбавіў  нас Сваёй ласкі, паслаў нам добрых памочнікаў, сяброў, ахвярных дабралзеяў і аднадумцаў.

Раскажыце, калі ласка, як паўстала беларуская супольнасьць у Антвэрпане?  Колькі чалавек яна налічвае? Зь якімі цяжкасьцямі даводзілася і даводзіцца сутыкацца? Як сталася так, што вы абралі грэка-каталіцкі накірунак?

У 2002 годзе я пазнаёміўся з Ігарам Лазарчуком, які ўзначальваў на той час Беларускі Цэнтар. Ён стаўся тым стрыжнем і галоўным памочнікам, на якога я мог сьмела пакласьціся ў справе стварэньня парафіі.  У той час сярод нашай грамады было трохі прыхільнікаў Беларускай аўтакефаліі. Але я, хоць і маю да сёньня даволі вялікую павагу да гэтай ідэі, на той час ужо прыйшоў да цьвёрдага перакананьня, што разьвіткам Беларускага Праваслаўя зьяўляецца Унія. Апошняя без перабольшваньня стварыла беларускі этнас і той культурны пласт, якім мы раз-пораз хвалімся як самастойны народ.

Беларуская ж аўтакефалія, паводле мяне,  не жыцьцяздольная з прычыны свае заўсёднае вымушанасьці зьвяртацца да маскоўскіх практык і багаслоўскіх аўтарытэтаў. Дастакова глянуць на нядаўнія падзеі ў Амэрыцы, калі  прамаскоўскія авантурысты япіскапска-сьвятарскага сану ўчынілі закалот у Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве, спрабуючы падвесьці яе і яе маёмасьць пад “маскоўскі бот”, супраць якога ўвесь час выступаў яе ўсё яшчэ дзейсны галава Мітрапаліт Ізяслаў. Унія ж, альбо іначай Грэка-Каталіцтва, народжанае ў нетрах нашага народу, ўвабрала ў сябе ўсе культурна-ментальныя адметнасьці, ўласьцівыя нашаму народу і не дае магчымасьці страціць іх – інакш Беларус перастае быць Беларусам. Менавіта таму нашая Грэка-Каталіцкая Царква праводзіць Набажэнствы практычна заўсёды на беларускай мове і ганарыцца “прымітыўнымі” іконамі беларускага пісьма, з чаго даволі часта кпяць маскоўцы... Калі ж нехта скажа, што і Расейская Праваслаўная Царква часам праводзіць Службы па-беларуску, то мне відавочна, што падобныя акцыі не маюць не толькі глыбокага кораня (а таму і не жыцьцяздольныя), але ўвогуле супярэчаць маскоўскай ідэалогіі, а таму кароткачасовыя. Калі аслабне беларуская дзяржаўнасьць і яшчэ больш умацуецца Маскоўшчына, то беларуская мова выпарыцца з Расейскай Праваслаўнай Царквы хутчэй ранішняй расы. Як гэта не сумна казаць, але беларускага праваслаўя пад гэтым назовам практычна не існуе. Беларускае Праваслаўе жыве і будзе жыць у Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве. Перастане існаваць наша Царква – перастане існаваць і Беларускае Праваслаўе. Гэта мой адказ, чаму мы “выбралі грэка-каталіцкі накірунак”.

Парафія наша, такім чынам, паўстала ў 2002 годзе, але мы ўважаем за дзень яе нараджэньня    1 чэрвеня 2003 году – дзень, калі была адпраўлена першая Боская Літургія. На днях мы адзначылі сваё чатырохгоддзе. Парафіяльнымі сьвятамі зьяўляюцца Вялікдзень і дзень памяці Сьвятога Мучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага (12 лістапада), частачка пачэсных мошчаў якога знаходзіцца ў нашай царкве. Налічвае наша супольнасьць паўсотні чалавек.

Асноўная цяжкасьць – гэта той адбітак “савецкасьці”, які наклаў на нашых людзей папярэдні камуністычны рэжым і ўмацоўвае рэжым сёньняшні. Асноўная маса людзей абыякавая да Хрыстовай веры і  ўласнай культуры. Нам хочацца мець правы і выгоды і не мець ніякіх абавязкаў і, як вынік, мы  трапляем у палон тых, каму невыгодна, каб Беларусы былі сьвядомыя, дружныя, моцныя. 

Таксама цяжкасьцю зьяўляецца нежаданьне большасьці актыўных беларусаў весьці дыялог паміж сабой, нярэдка перамагае амбіцыйнасьць, што прыводзіць да канфліктаў, часам вельмі  балючых. Засмучае, што палітыкі і, так бы мовіць, палітычная намэнклатура, у базіс сваёй дзейнасьці паклалі і такі савецкі пастулат, быццам Беларуская Царква не павінна адгульваць ніякае ролі ў грамадска-палітычным жыцьці. Між тым гэты пастулат памылковы, паколькі Царква складаецца з грамадзянаў, якія, захоўваючы свае хрысьціянскія перакананьні і годнасьць, не толькі могуць, але і павінныя прымаць актыўны ўдзел ва ўсіх палітычных і грамадскіх працэсах. І гэта адбываецца.  Цяжка адмаўляць, напрыклад, палітычную заангажаванасьць Расейскай Праваслаўнай Царквы, інтарэсы якой лабіруюцца ўсімі прарасейскімі і вялікарасейскімі палітыкамі.  Нашай жа Беларускай Царкве прыходзіцца нярэдка выслухоўваць несправядлівую крытыку ў “празьмернай палітызаванасьці”, хаця мы проста выказваем сваю грамадзянскую пазыцыю. Мы не маем лабістаў, паколькі беларускія палітыкі з вядомых ім прычын адносяць сябе, хоць бы і намінальна,  да маскоўскай Царквы, альбо, што яшчэ часьцей,  да праваслаўных атэістаў.

Распавядзіце, калі ласка, колькі слоў пра дзейнасьць царквы…

Асноўнай задачай нашай Царквы зьяўляецца Евангелізацыя, гэта значыць пропаведзь Добрай Весткі Хрыста. Дзеля гэтага Царква і была заснаваная. Кожную нядзелю і сьвяты ў царкве адбываецца Набажэнства. Ва ўрачыстыя і важныя дні пасьля Набажэнства бывае кава-гарбата, часам вячэра... Гэта заўважна грамадзіць людзей і збліжае. Пры царкве працуе Нядзельная школка, дзе, акрамя Евангелізацыі, дзеці вывучаюць беларускую пісьменнасьць і гісторыю. Даволі часта парафія арганізуе паломніцкія паездкі па розным гарадам, цэрквам і манастырам Бэльгіі.  Паколькі беларуская грамада зьяўляецца паўнапраўнай часткай Антвэрпанскай дыяцэзіі, то мы стараемся прымаць актыўны ўдзел ва ўсіх міжпарафіяльных і інтэркультурных мерапрыемствах. Пры царкве створана таксама бібліятэчка, у фондзе якой рэлігійная, гістарычная, класычная і іншая карысная літаратура. Таксама супольнасьць даглядае магілу знакамітага беларускага камапазітара Міколы Равенскага, які спачывае ў Лёвэне.

Ці адчуваеце Вы падтрымку з боку землякоў? Якія Вашыя далейшыя планы?

Безумоўна. Каб не было гэтае падтрымкі, то не было б нічога. Менавіта падтрымка землякоў, іх руплівасьць і спагадлівасьць натхняюць і даюць сілы працаваць далей.

У бліжэйшых планах хацелася б зьдзейсьніць паломніцтвы ў Рым, Лурд і Лондан. Што да больш грунтоўных планаў, то хацелася б, каб Беларусы займелі тут у Бэльгіі  сваю капліцу, якая служыла хвале Божай і сталася помнікам беларускай прысутнасьці ў гэтым слаўным каралеўстве. Есьць таксама ў планах заснаваць такія самыя духовыя асяродкі Беларусаў і ў іншых краінах Эўропы, калі знойдуцца аднадумцы і будзе на тое воля Божая.

Якое Вашае самае ўлюбёнае сьвята?

Іх два: Вялікдзень і Коляды.

Ці думаеце Вы аб тым, каб калі-небудзь вярнуцца на Бацькаўшчыну?

Безумоўна. Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся. Як можна не хацець вярнуцца ў той Край, пра які мой зямляк Адам Міцкевіч так цудоўна напісаў:

“Радзіма Літва! Як здароўе, так ты дарагая;

Як шмат цябе трэба цаніць, толькі той і спазнае,

Хто страціў цябе...”

Але мой лёс неразрыўна зьвязаны з лёсам беларусаў у выгнаньні. Мне хочацца ім служыць, каб пры дапамозе гэтага служэньня яны не адчувалі сябе безнадзейна адарванымі ад Радзімы. Наша Царква сёньня тут, у Антвэрпане, зьяўляецца вастраўком Роднага Краю, спатоляю ў час настальгіі і трывогі. Вельмі хацелася б, каб нашая дзяржава гэта разумела і дапамагала разьвіцьцю падобных духовых беларускіх асяродкаў па ўсёй Эўропе. На жаль разьлічваць на гэта на сёньняшні дзень не выпадае... Будучае маё вяртаньне на Бацькаўшчыну будзе, безумоўна, зьвязанае не проста з маім жаданьнем, але з царкоўным  Служэньнем. Таму што жаданьне вярнуцца ёсьць і сёньня, толькі пытаньне дзеля чаго і навошта? Сёньня шмат працы тут, сярод гаротных выгнаньнікаў са свае зямлі.

Як Вы бачыце будучыню нашай краіны?

Пытаньне не зусім зразумелае J. На сёньняшні дзень, калі палітыка кіруючага рэжыму працягнецца, то будучыні ў нашай краіны няма, бо яе праглыне імпэрская Расея. Калі ж Вы хочаце спытацца, якой я хачу бачыць будучае нашай краіны, то хачу бачыць яе квітнеючай, багатай духова і матар’яльна. У нашай Краіны вялікая гісторыя і вялікі патэнцыял, інсьпіраваны гэтай гісторыяй. Калі адновіцца нацыянальнае адраджэньне і народ абярэ сабе за правадыроў тых, хто будзе абараняць інтарэсы нашага народу, а не хваліцца тым, што гатовы памерці  і аддаць на сьмерць свой народ дзеля сытасьці і дабрабыту чужога народу, тады нашу Айчыну чакае вялікая будучыня. Мне б хацелася, каб Беларусь была не проста хрысьціянска-дэмакратычнай, але Хрыстовай, і  не толькі па назову, але па духу.

На здымку алтар беларускай царквы ў Антверпене

За абмеркаваннем працоўных момантаў

Самы малодшы сябра суполкі

07.06.2007