АДМЫСЛОВЫ ДАКЛАДЧЫК ААН ПА БЕЛАРУСІ АДРЫЯН СЕВЯРЫН: Я заўсёды правяраю, пасля пераправяраю, а потым ізноў правяраю

Інтэрв’ю з адмысловым дакладчыкам па Беларусі ў Радзе па правах чалавека ААН Адрыянам Севярынам (серыя: Еўрапейская палітыка ў асобах)

Адрыян Севярын – чалавек надзвычай красамоўны, але ў адрозненне ад большасці сваіх калег, чуе суразмоўцу, яго адказы на пытанні кароткія і дакладныя. Ён робіць уражанне чалавека жарснага ў пошуку праўды. Яго даклады па Беларусі пэўным чынам нават ядналі беларускія ўлады і апазіцыю – абодва бакі іх рашуча крытыкавалі. На думку палітыка, такая рэакцыя сведчыць на карысць аб’ектыўнасці яго высноў, што шчыра яго цешыць.

- Спадар Севярын, Вы працуеце з Беларуссю з 1995 года. Вам яшчэ не надакучыла?

- Калі сур’ёзна ставіцца да праблемы ажыццяўлення палітычных свабод і правоў чалавека, стаміцца не магчыма, да таго ж я вельмі сімпатызую і спачуваю гэтай краіне. 

- Усё яшчэ ёсць падставы для спачування?

 - Як мне падаецца, апошні год у любым выпадку не прынёс ніякіх рашучых змен. Толькі на працягу апошніх месяцаў Менск прадэманстраваў нейкую гатоўнасць да пэўнага дыялогу і супрацоўніцтва з Еўропай: былі падоўжаныя дамовы з некаторымі НДА на арэнду памяшканняў, каб тыя змаглі працаваць, у апазіцыі з’явілася больш магчымасцей. Але, на жаль, усё гэта немагчыма назваць зменамі, проста ўлады сталі паводзіць сябе з меншым выклікам, дык што ж гэта за змены тады? 

- Як Вам падаецца, Вы разумееце беларусаў?

- Я б хутчэй сказаў, што спачуваю ім. Слова “разумець” тут не зусім падыходзіць, бо пад ім можна мець на ўвазе “прымаць” сітуацыю ў краіне з правамі чалавека. Многія беларусы наогул гэтай сітуацыяй не цікавяцца і не гатовыя абараняць свае правы.

Падаецца, я дастаткова дасведчаны ў беларускай сітуацыі і разумею, што адбываецца. Мабыць менавіта таму і не стаміўся працаваць над гэтым пытаннем і сыходзіць не збіраюся. Хаця прычын апусціць рукі хапае. Так я вельмі доўга спадзяваўся на супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі ў пытанні паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека. Нуль зменаў. Ёсць спадзяванні, што міжнародная супольнасць нарэшце аб’яднае намаганні і мабілізуе магчымасці для падтрымкі дэмакратычных зменаў у краіне. Я веру, што краіны-суседкі Беларусі выступяць на карысць гэтай высакароднай мэты адзіным фронтам. Яшчэ хочацца спадзявацца на тое, што дэмакратычныя сілы Беларусі будуць працаваць разам і эфектыўна. З часам лёгка прыйсці да адчаю, калі бачыш, што твае надзеі не маюць пад сабой асновы.

- Беларускія ўлады не выражаюць жадання супрацоўнічаць з Вамі, пасля прызначэння адмысловым дакладчыкам не пускаюць у краіну. Для падрыхтоўкі сваіх дакладаў Вы выкарыстоўваеце інфармацыю з афіцыйных крыніц і апазіцыйных колаў. Яны вельмі часта цалкам супярэчаць адно аднаму. Каму вы давяраеце?

- Я працую не толькі з афіцыйнай інфармацыяй і звесткамі, атрыманымі ад апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, але і з такімі трэцімі крыніцамі, як, напрыклад, міжнародныя няўрадавыя арганізацыі. І акрамя таго, я заўсёды правяраю дадзеныя. Пасля яшчэ раз правяраю і пераправяраю, імкнучыся аналізаваць іх у кантэксце.

Згадзіцеся, што калі б сітуацыя ў краіне не выклікала нараканняў, беларускія ўлады лёгка пайшлі б на дыялог, тым самым давёўшы, што высновы майго даклада няслушныя. Меркаванні па апошнім дакладзе, які абмяркоўваўся ў Радзе ААН па правах чалавека 12 чэрвеня ў Жэневе, падзяліліся. Хтосьці яго падтрымаў, хтосьці не. Прамова пасланніка Беларусі ў ААН (пастаянны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь у міжнародных арганізацыях у Жэневе Сяргей Алейнік – “Навіны для Беларусі”) утрымлівала ў сабе агульную крытыку, ён нават не палічыў за неабходнае прывесці прыклады з майго даклада і растлумачыць чаму штосьці там было няслушным. Адзінае, на што ён спасылаўся, гэта супярэчанне майго даклада дакладам іншых агенцый ААН, дзе, як я мяркую, не ставіцца пад сумнеў выкананне Беларуссю правоў чалавека. Беларускі пасол аднак не змог працытаваць і гэтыя даклады. Як пасля такога досведу я магу давяраць інфармацыі прадстаўніка афіцыйнага Мінска?

- І што адбываецца пасля абмеркавання даклада?

 - Той факт, што мой мандат штогод падаўжаецца, фактычна азначае, што ён быў прыняты Камісіяй, а цяпер ужо Радай ААН па правах чалавека. Асобнай працэдуры ўхвалення даклада не існуе. Пасля прэзентацыі адбываецца дыскусія. Рэакцыя на выкананне рэкамендацый даклада мінімальная – міжнародная супольнасць недастаткова для гэтага мабілізаваная. І тут варта задумацца пра тое, што адмена пасады адмысловага дакладчыка па Беларусі негатыўным чынам адаб’ецца на перспектывах змен.

- Беларускія ўлады аддалі б перавагу паўнавартаснаму палітычнаму супрацоўніцтву з Еўропай без умяшальніцтва ва ўнутраныя справы краіны. Ці магчымы такі варыянт?

- Натуральна! Але з адзінай агаворкай: правы чалавека – гэта не пытанне для ўнутранага карыстання, яно не мае дзяржаўных межаў, таму што сваім клопатам мае не незалежнасць дзяржавы, але незалежнасць асобы, Савецкі Саюз парушаў правы і свабоды сваіх грамадзян. Натуральна, што кожная дзяржава мае права самастойна вырашаць свае ўнутраныя пытанні, але як раз правы чалавека сюды і не адносяцца.

Я спадзяюся, што беларусы зразумеюць неад’емнасць уласных правоў, навучацца іх абараняць, а ўлады ў сваю чаргу, навучацца паважаць гэтыя правы. Змены ў Беларусі павінны выспець унутры краіны, а менавіта гэты працэс і займае шмат часу.

Адрыян СЕВЯРЫН прызначаны адмысловым дакладчыкам ААН па пытанні становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі ў ліпені 2004 г. Беларускія ўлады адмовіліся з ім супрацоўнічаць. З’яўляецца дэпутатам Еўрапарламента.

Нарадзіўся ў 1954 годзе ў Бухарэсце (Румынія). У розны час займаў пасаду намесніка прэм’ер-міністра, міністра замежных спраў Румыніі, быў дэпутатам і дакладчыкам Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, Прэзідэнтам ПА АБСЕ, у 1995-1999 гг. Узначальваў падкамітэт ПА АБСЕ па Беларусі. Летам 1999г. сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам у якасці кіраўніка Рабочай групы ПА АБСЕ. У 2000-2001 гг. наведваў Беларусь у рамках візітаў парламенцкай “тройкі” – ЕЗ, Рады Еўропы і АБСЕ. Аўтар кніг па міжнародным гандлёвым праве, эканамічных і палітычных рэформах, міжнародных адносінах ды інш. Лаўрыят міжнародных і нацыянальных прэмій. Валодае, акрамя румынскай, ангельскай, іспанскай, італьянскай, рускай і французскай мовамі.

 

 

Пытанні задавала Марына Рахлей

Падрыхтавана “Офісам за дэмакратычную Беларусь”