15-18 сакавіка на запрашэнне “Офіса за дэмакратычную Беларусь” у Бруселі знаходзілася група беларускіх спецыялістаў у галіне навакольнага асяроддзя. Адукацыйная паездка аб’яднала прадстаўнікоў Гродзенскага рэгіянальнага камітэту Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага універсітэта імя Сахарава (Мінск), сяброў беларускіх НПА, што займаюцца праблемамі экалогіі, а таксама прадстаўнікоў бізнес-сектару і СМІ.
У рамках візіту беларускія спецыялісты атрымалі больш шырокае ўяўленне пра палітыку ЕС па ахове навакольнага асяроддзя, даведаліся пра дзейнасць Сусветнага саюза аховы прыроды і яго праграму “Паляпшэння правапрымянення і кіравання ў лясной гаспадарцы”, што ажыццяўляецца ў рамках Еўрапейскай палітыкі добрасуседства з удзелам Беларусі, Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Малдовы, Расіі і Украіны. Эксперты з Генеральнага дырэктарата ЕК па даследаваннях распавялі пра ўдзел Беларусі ў навуковых праграмах ЕС і заклікалі пашыраць гэту заангажаванасць, звярнуўшы ўвагу на новы конкурс праектаў, які неўзабаве мусіць быць абвешчаны Еўракамісіяй.