15-18 сакавіка на запрашэнне “Офіса за дэмакратычную Беларусь” у Бруселі знаходзілася група беларускіх спецыялістаў у галіне навакольнага асяроддзя. Адукацыйная паездка аб’яднала прадстаўнікоў Гродзенскага рэгіянальнага камітэту Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага універсітэта імя Сахарава (Мінск), сяброў беларускіх НПА, што займаюцца праблемамі экалогіі, а таксама прадстаўнікоў бізнес-сектару і СМІ.
Падчас візіту беларускія дэлегаты сустрэліся з галоўнымі экспертамі ў пытаннях навакольнага асяроддзя і рэгіёну ў Генеральным дырэктараце (ГД) Еўрапейскай камісіі па дапамозе і супрацоўніцтву, ГД па даследаваннях і ГД па навакольным асяроддзі.
Праграма азнаямляльнага курсу прадугледжвала таксама сустрэчы Еўрапейскім бюро па навакольным асяроддзі, Кліматычным альянсе, Сусветным саюзе аховы прыроды. Беларускія спецыялісты таксама змаглі сустрэцца з каардынатарам магістэрскай праграмы Вольнага брусельскага універсітэту па Экалогіі чалавека і Устойлівым навакольным асяроддзі.
У рамках візіту беларускія спецыялісты атрымалі больш шырокае ўяўленне пра палітыку ЕС па ахове навакольнага асяроддзя, даведаліся пра дзейнасць Сусветнага саюза аховы прыроды і яго праграму “Паляпшэння правапрымянення і кіравання ў лясной гаспадарцы”, што ажыццяўляецца ў рамках Еўрапейскай палітыкі добрасуседства з удзелам Беларусі, Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Малдовы, Расіі і Украіны. Эксперты з Генеральнага дырэктарата ЕК па даследаваннях распавялі пра ўдзел Беларусі ў навуковых праграмах ЕС і заклікалі пашыраць гэту заангажаванасць, звярнуўшы ўвагу на новы конкурс праектаў, які неўзабаве мусіць быць абвешчаны Еўракамісіяй.
Са свайго боку, беларускія спецыялісты адзначалі важнасць памежнага супрацоўніцтва і ўзгадалі некалькі паспяховых праграм, у тым ліку ажыццёўлены сумесна з Літоўскай Рэспублікай праект па рацэ Нёман. Беларуская супрацоўніца часопіса “Дзікая прырода” адзначыла неабходнасць падтрымкі і развіцця экалагічнага накірунку незалежнага беларускага друку.
Візіт экспертаў у Брусель – частка вялікага праекту “Офіса за дэмакратычную Беларусь” па абмене досведам паміж спецыялістамі ЕС і Беларусі ў розных галінах. Дадзены праект падтрымліваецца Міністэрствам замежных спраў Даніі. Кандыдаты на ўдзел у праграмах адбіраюцца праз адкрыты конкурс. Арганізатары вітаюць удзел прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і дзяржаўнага сектару, а таксама бізнес-колаў Беларусі .
Палітыка ЕС ў галіне аховы навакольнага асяроддзя: дзелімся досведам з Беларуссю
пят, 2010-03-19 13:31