26 траўня ў Мінску прайшоў Міжнародны адукацыйны кірмаш, прысвечаны Дню Еўропы. У мерапрыемстве ўдзельнічалі прадстаўнікі еўрапейскіх універсітэтаў, беларускіх офісаў міжнародных адукацыйных праграм і арганізацый нефармальнай адукацыі. Госці Кірмашу пазнаёміліся з магчымасцямі навучання ў Скандынавіі, Брытаніі і краінах еўрапейскага кантыненту, а таксама прапановамі для студэнтаў, выкладчыкаў і навукоўцаў у межах праграмаў "Erasmus+", "Marie Skłodowska-Curie actions" і міжнародных абменаў у межах EVS і DAAD.
![]() |
Кацярына Мінюковіч, прадстаўнік Нацыянальнага офіса праграмы "Erasmus+" у Беларусі |
На Міжнародным адукацыйным кірмашы, які прайшоў у Мінскім адукацыйным цэнтры імя Й. Рау і ладзіўся пры падтрымцы Прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі, былі прэзентаваны ўмовы навучання і атрымання дадатковай адукацыі для беларусаў у вышэйшых навучальных ўстановах Польшчы, Літвы, Латвіі, Італіі, Чэхіі, Францыі, Брытаніі, Германіі, Балгарыі, Фінляндыі, Нарвегіі і Швецыі. У прыватнасці, сёння для беларусаў, якія жадаюць вучыцца ў Літве, даступныя літоўскія дзяржаўныя стыпендыі па міжнародных магістарскіх праграмах на рускай ці ангельскай мове (на дзённай форме навучання) і навуковыя стыпендыі для выкладчыкаў і даследчыкаў. Стыпендыі Ўрада Чэшскай Рэспублікі на 2015-2016 навучальны год прадастаўляюцца па праграмах падрыхтоўкі на ангельскай мове магістраў у галіне грамадскіх і прыродазнаўчых навук, эканомікі і сельскай гаспадаркі, інфарматыкі (рэгістрацыя кандыдатаў ажыццяўляецца да 30 верасня 2015 года).
На Кірмашы былі прадстаўлены актуальныя магчымасці ўдзелу беларусаў у міжнароднай праграме "Erasmus+". Дадзеная праграма разлічана да 2020 года і прадастаўляе магчымасці атрымання як фармальнай адукацыі ва ўніверсітэтах краін-сяброў ЕЗ, так і магчымасць удзелу ў Еўрапейскай валанцёрскай службе (EVS). Валанцёрства можа быць доўгатэрміновым (з 2-х да 12-ці месяцаў) ці кароткатэрміновым (мінімум 2 тыдні, максімум 2 месяцы). Стаць валанцёрам Еўрапейскай валанцёрскай службы могуць беларусы ва ўзросце 18-30 гадоў, пры гэтым, як адзначыла кіраўнік "Офіса прасоўвання ініцыятыў" (Беларусь) Вольга Хабібуліна, у адборы кандыдатаў адсутнічае дыскрымінацыя па ўзроўні адукацыі, фізічных і іншых асаблівасцях кандыдатаў:
![]() |
Вольга Хабібуліна |
"Erasmus+" уключае як фармальную, так і нефармальную адукацыю - гэта трэнінгі, абмены, семінары. Кожнаму, хто захоча стаць валанцёрам EVS, неабходна знайсці арганізацыю, якая адпраўляе валанцёраў, ў сваёй краіне праз цэнтралізаваную базу дадзеных. "Офіс прасоўвання ініцыятыў" з'яўляецца адной з акрэдытаваных у Беларусі арганізацый, якая мае права накіроўваць і прымаць валанцёраў. Таму ўсе зацікаўленыя могуць звяртацца да нас".
Між іншым, "Erasmus+" застаецца адной з вядучых міжнародных праграм для Беларусі, якая прапануе шырокія магчымасці як у справе развіцця акадэмічнай мабільнасці студэнтаў і выкладчыкаў, так і ў справе сумесных праектаў паміж універсітэтамі. Што да Балонскага працэсу і ўваходжання Беларусі ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі, па меркаванні прадстаўніка Выканаўчай агенцыі па адукацыі, культуры і аўдыёвізуальных сродках Еўракамісіі Франс Дантэн, падобныя да Кірмаша мерапрыемствы спрыяюць інтэрнацыяналізацыі:
![]() |
Франс Дантэн |
"Мерапрыемствы такога кшталту дазваляюць па-сапраўднаму інтэгравацца ў Балонскі працэс, бо закліканы павялічыць мабільнасць паміж студэнтамі і ўніверсітэтамі. На жаль, сёння тут прадстаўлены не ўсе краіны - іх магло быць значна больш. Паколькі займаюся пытаннямі Малдовы і Беларусі, я заўважыла, што часта студэнты дрэнна інфармаваны пра свае магчымасці. Інфамаванне мусіць быць закладзена ў менеджменце ўніверсітэтаў, ісці з боку выкладчыкаў - каб яны ведалі, што адбываецца, маглі параіць студэнтам звярнуцца ў міжнародны аддзел у сваім універсітэце. Сёння існуюць паспяховыя праекты паміж еўрапейскімі і беларускімі універсітэтамі. Напрыклад, партнёрства з Універсітэтам Пандэборна (Германія). Міністэрства адукацыі Беларусі сёння ўдзельнічае ва ўсіх праектах па кааперацыі, якая завязана з рэформамі. Згодна з правіламі праграмы "Tempus", міністэрства мусіць абавязкова ўдзельнічаць у праектах, якія маюць мэтай рэфармаванне сістэмы адукацыі. Калі міністэрства ўдзельнічае ў праектах, гэта гарантуе доўгатэрміновасць іх імплементацыі ў беларускай сістэме, нават пасля іх заканчэння".
![]() |
Вольга Меероўская, нацыянальны каардынатар праграмы Марыі Складоўскай-Кюры ў Беларусі |
Кіраўнік Нацыянальнага інфармацыйнага офіса праграм ЕЗ па навуцы і інавацыях (Беларусь) Вольга Меероўская адзначыла, што дагэтуль прызнанне ў Беларусі атрыманых у Еўропе PhD-дыпломаў ёсць важным пытаннем і простай адміністратыўнай працэдурай. Пры гэтым практыка абавязковага перакладу дысертацый на рускую ці беларускую мову можа быць адменена. У межах праграмы Марыі Складоўскай-Кюры ў беларускіх даследчыкаў сёння ёсць магчымасці займацца навуковай працай і атрымліваць стыпендыі. Больш шырокія мажлівасці ў навукоўцаў існуюць у Еўрапейскай навуковай прасторы - сервіс Euraxess дазваляе даследчыкам і іх сем'ям быць больш мабільнымі, што спрыяе развіццю сучасных міжнародных навуковых праектаў.
![]() |
Дзмітры Колышкін (справа), супрацоўнік інфармацыйнага бюро Германскай службы акадэмічных абменаў (DAAD) |
Як адзначыў прадстаўнік супрацоўнік інфармацыйнага бюро Германскай службы акадэмічных абменаў (DAAD) Дзмітры Колышкін, нямецкія стыпендыяльныя праграмы для беларусаў уключаюць як студэнцкія курсы ўлетку, так і навуковыя стажыроўкі для выкладчыкаў універсітэта:
![]() |
Дзмітры Колышкін |
"Мы актыўна прапануем праграмы для партнёрства паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі, кааперацыі і магчымасці запрашэння прафесараў з германіі для чытання лекцый альбо кансультацыйных паслуг для нашых студэнтаў і аспірантаў. Значная частка студэнтаў атрымлівае стыпендыі як для курсаў улетку, так і для паслядыпломнай адукацыі ў Германіі".
На Міжнародным адукацыйным кірмашы былі таксама прэзентаваны прапановы навучання ў Брытаніі па стыпендыі "Chevening", выпускнікі міжнародных праграм падзяліліся досведам студэнцкага жыцця па-за межамі Беларусі. Госці Кірмаша мелі магчымасць пазнаёміцца з умовамі навучання ў Швецыі, Нарвегіі і Фінляндыі, а таксама з прапановамі адукацыйных курсаў па замежных мовах у Беларусі.
Чытайце таксама:
Болонский процесс: Как создать успешную магистерскую программу?