Улады горада распавялі пра ход рэалізацыі Канцэпцыі гарадской устойлівай мабільнасці
З кожным годам Беларусь усё больш урбанізуецца, і разам з ростам гарадоў павялічваецца і мабільнасць яе жыхароў. Досвед замежных краін падказвае, што ўладам трэба клапаціцца не толькі пра камфорт для аўтамабілістаў, а будаваць сістэму ўстойлівай гарадской мабільнасці, зручную для ўсіх сацыяльных груп. Шляхі развіцця беларускіх гарадоў айчынныя і замежныя эксперты абмяркоўвалі падчас семінара "Новыя прылады інтэграванага гарадскога і транспартнага планавання», арганізаванага РГА "Беларускі саюз транспартнікаў", Рэгіянальным прадстаўніцтвам Фонда Фрыдрыха Эберта ва Ўкраіне, Еўразійскім прадстаўніцтвам Міжнароднага саюза аўтамабільнага транспарту, Праграмай падтрымкі Беларусі Федэральнага Ўрада Германіі ды ОДБ Брусель.
Устойлівы стан гарадской мабільнасці адлюстроўвае, наколькі зручна ў ім перасоўвацца пешшу, на веласіпедзе, у грамадскім транспарце ці на асабістым аўтамабілі, а таксама наколькі гэтыя віды перасоўванняў узаемазвязаны між сабой. Гэтая сістэма мусіць быць зручнай для ўсіх, эканамічна эфектыўнай і экалагічнай. |
У Беларусі адна з першых Канцэпцый гарадской устойлівай мабільнасці была распрацаваная для Наваполацка. Дакумент з’явіўся ў 2014 годзе ў рамках праграмы падтрымкі Беларусі ўрадам Германіі.
Пра ход рэалізацыі праекта прысутным распавёў старшыня Наваполацкага гарадскога савета дэпутатаў Вячаслаў Дурноў.
![]() |
Вячаслаў Дурноў, старшыня Наваполацкага гарадскога савета дэпутатаў |
"Наваполацк - адзін з самых маладых гарадоў краіны, сёлета яму спаўняецца толькі 58 гадоў. У Канцэпцыі распрацоўшчыкі ўлічылі асаблівасці горада, спецыфіку дзейнасці прамысловых прадпрыемстваў і неабходнасць стварэння санітарна-абарончай паласы. Наваполацк мае своеасаблівае дзяленне па зонах: адасобленыя жылыя і рэкрэацыйныя раёны", -- патлумачыў Вячаслаў Дурноў.
Паводле яго слоў, горад мае тры цэнтры рассялення. Гэта сам Наваполацк (102 тысяч жыхароў), гарадскі пасёлак Баравуха (5,5 тысячы) і вёска Міжрэчча з прыватнай катэджнай забудовай. Накладае адбітак і блізкасць ад Полацка. "Агульная сетка камунікацый забяспечвае не толькі транспартную сувязь паміж гарадамі, але і спрыяе выкарыстанню жыхарамі Полацка і Наваполацка тых гістарычных, адукацыйных і гандлёвых аб’ектаў, што складаюць агульную каштоўнасць", -- распавёў Дурноў.
У Канцэпцыі ў якасці асноўных арыенціраў былі вызначаныя зніжэнне негатыўнага ўплыву транспарту на здароўе людзей і навакольнае асяроддзе, паляпшэнне даступнасці гарадскіх аб’ектаў, павышэнне камфортнасці грамадскага транспарту, а таксама стварэнне ўмоў для перасоўвання пешшу ці на ровары і ўлік інтарэсаў людзей з абмежаванымі магчымасцямі перасоўвання.
Якія канкрэтныя рэкамендацыі атрымалі гарадскія ўлады для павышэння гарадской устойлівай мабільнасці?
Сярод іншага, эксперты раілі даць аўтобусам прыярытэт у часе руху па галоўных вуліцах Наваполацка, стварыць больш прывабныя ўмовы для пасажыраў трамваяў, у тым ліку абсталяваць прыпынкі лаўкамі з дахам і стэндамі з раскладам руху. Таксама сярод парадаў указваліся стварэнне веласцяжынак і паступовы перавод парковак у цэнтры горада на платную аснову.
Што з вышэйпералічанага паспелі зрабіць гарадскія ўлады за 2014-2016 гады?
"Распрацаваныя і рэалізаваныя схемы роварнага руху па цэнтральнай вуліцы Маладзёжнай. Вакзалы і дыспетчарскія станцыі абсталяваныя пандусамі, -- пералічваў Вячаслаў Дурноў. -- Усе трамваі Наваполацка абсталяваныя маўленчай інфармацыйнай сістэмай, у большасць трамваяў усталяваныя "бягучыя радкі", два трамваі абсталяваныя для перавозкі ўсіх катэгорый інвалідаў". З’явіўся ў горадзе і адзін нізкапольны трамвай.
Аўтобусны парк Наваполацка налічвае 95 МАЗаў з кнілінгам – гэта сістэма, якая дазваляе аўтобусу "нахіляцца" ў бок да прыпынку для большага камфорту пасажыраў, асабліва з абмежаванымі магчымасцямі.
Вячаслаў Дурноў запэўніў, што Наваполацк далучаецца да міжнародных "зялёных" ініцыятыў: "Традыцыйным стала правядзенне акцыі "Дзень без аўтамабіля", на працягу дня жыхарам Наваполацка і гасцям горада прапануецца адмовіцца ад перасоўвання на асабістым транспарце і аддаць перавагу грамадскаму транспарту ці веласіпеду. Праводзіцца акцыя "Бясплатны праезд". Удзельнікам акцыі прапануецца праехаць у аўтобусе і трамваі бясплатна, дастаткова паказаць тэхнічны пашпарт на аўтамабіль".
Па ягоных словах, наваполацкія ўлады адкрытыя для супрацоўніцтва і гатовыя рэалізоўваць новыя праекты.
![]() |
Акцыя "Жывая вуліца" падчас Еўрапейскага тыдню мабільнасці ў Наваполацку |
|
Паліна Вардэванян |
Адным з экспертаў Беларускага саюза транспартнікаў, якія складалі Канцэпцыю ўстойлівай мабільнасці Наваполацка, была Паліна Вардэванян, старэйшы выкладчык кафедры горадабування Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.
У сваім выступе яна патлумачыла, што складанасці ў рэалізацыі амбітных праектаў узнікаюць перадусім праз недахоп грошай. "Чаму ўзнікаюць складанасці? Гэта залежыць ад людзей у кабінетах, якія адказныя за прыняцце рашэнняў. Калі пачынаецца абмеркаванне ў любым фармаце, у такіх людзей узнікае адказ: усе прапановы добрыя, але грошай няма", - удакладняе яна.
Эксперт Паліна Вардэванян раіць звяртацца да замежнага досведу і знаходзіць там гатовыя рашэнні. Яна прыводзіць прыклад бразільскага горада Курытыба, які прэтэндуе на званне самага экалагічнага ў свеце. Па планіроўцы ён надзвычай падобны да Наваполацка.
"Такія рашэнні [як у Курытыба] могуць быць па планіроўцы вуліц, па сумесным выкарыстанні аўто. Калі адкрыць ініцыятыву людзям, многія пытанні, якія, як нам здаецца, каштуюць вялікіх грошай, можна вырашаць прасцей, але дружна", - падсумоўвае эксперт.
![]() |
Паліна Вардэванян, сябра БСТ старэйшы выкладчык кафедры горадабування БНТУ |
Чытайце таксама:
У Мінску прапануюць развіваць трамвай, а не будаваць развязкі
Топ-5 парад па паляпшэнні гарадской мабільнасці ў Беларусі ад брытанскага эксперта
Какие возможности финансирования для инноваций в транспортной сфере есть для Беларуси?