Транспартная палітыка ЕС: дзелімся досведам з Беларуссю

З 17 па 21 траўня па запрашэнні “Офіса за дэмакратычную Беларусь” Брусель наведала дэлегацыя экспертаў у галіне транспарту. Гэта быў другі візіт беларускіх транспартнікаў у еўрапейскую сталіцу і восьмы па праграме “Палітыка Еўрапейскага Саюзу і Беларусь: дзелімся досведам”, што ажыццяўляецца ОДБ у партнёрстве з Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў у цесным супрацоўніцтве з Прадстаўніцтвам Еўрапейскага Саюзу ў Беларусі пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Даніі і Шведскай міжнароднай агенцыі па развіцці супрацоўніцтва (SIDA).

Падчас візіту нашы спецыялісты наведалі Дырэктараты Еўракамісіі па знешняй палітыцы і Раду Еўрапейскага Саюзу, дырэктараты ЕК па даследаваннях, мабільнасці і транспарце.

Сустрэчы адбыліся таксама і ў Міжнародным саюзе грамадскага транспарту, Еўрапейскім савеце па транспартнай бяспецы, Еўрапейскай  гарадской сетцы па інавацыйных транспартных рашэннях, а таксама ў найбуйнейшай бельгійскай кампаніі гарадскога транспарту  STIB, што аб’ядноўвае працу метро, аўтобусаў і трамваяў. 

Транспартную палітыка ЕС, трансеўрапейскія сеткі, Паўночнае вымярэнне, забеспячэнне транзіту, праблемы дастасавання чыгуначных каляін паміж Усходняй і Заходняй Еўропай, загружанасць транспартных шляхоў, складанасці атрымання  Шэнгенскіх віз кіроўцамі, якія працуюць на міжнародных маршрутах і бяспека на дарогах, магчымасці запрашэння тэхнічнай місіі STIB  у Беларусь – гэтыя і некаторыя іншыя пытанні беларускія спецыялісты змаглі абмеркаваць са сваімі калегамі з ЕС.

У хуткім часе ў Мінску павінен адбыцца семінар па транспартнай палітыцы Беларусі з удзелам прадстаўнікоў Еўрапейскай камісіі, Беларускана міністэрства транспарту і камунікацый, бізнесоўцаў і незалежных экспертаў у гэтай галіне.

У Міжнародным саюзе грамадскага транспарту

У Радзе ЕС

 

У Еўрапейскай  гарадской сетцы па інавацыйных транспартных рашэннях

У гасцях у кіраўніцтва STIB

У Генеральным дырэктараце Еўрапейскай камісіі па даследаваннях

У Еўрапейскім савеце па транспартнай бяспецы

Каля будынка Генеральнага дырэктарату Еўрапейскай камісіі па знешняй палітыцы

З кіраўніцай "Офісу за дэмакратычную Беларусь" Вольгай Стужынскай падчас атрымання сертыфікатаў