Топ-5 парад па паляпшэнні гарадской мабільнасці ў Беларусі ад брытанскага эксперта

"Задача транспартнай сістэмы - перасоўванне людзей, а не транспартных сродкаў", - гэта адна з вядомых цытат прафесара Пенсільванскага ўніверсітэта Вукана Вучыка.

Джэром Сімсан падчас семінару ў Мінску

Удзельнікі семінара "Новыя інструменты інтэграванага гарадскога і транспартнага плавання", які прайшоў у Мінску, абмяркоўвалі, як пераходзіць ад традыцыйнага планавання да інавацыйных падыходаў. Адным з замежных гасцей сустрэчы быў Джэром Сімпсан, старэйшы эксперт праграмы "Разумныя гарады і мабільнасць" (Будапешт, Венгрыя).
Ён распавёў пра сусветныя трэнды ў сферы гарадскога мабільнасці, якія могуць быць актуальныя і для Беларусі.

Адмова ад бензіну і дызелю

"Некаторыя мэты, якія можна звязаць з устойлівай гарадской мабільнасцю, надзвычай амбітныя - напрыклад, адмовіцца ад традыцыйнага паліва ў гарадах. Гэта значыць, мы павінны перайсці электрамабілі ці альтэрнатыўныя віды паліва. Праграмы па пераходзе на новыя віды паліва будуць распрацаваныя ўсімі гарадамі Еўрасаюза да канца 2016 года", - расказаў Джэром Сімпсан.

На фота адна з мадэлей электрамабілю каля крыніцы падсілкавання

 

Рэгуляванне ці абмежаванне доступу ў цэнтр горада


Адным са шляхоў развіцця гарадской мабільнасці Джэром Сімпсан бачыць рэгуляванне ці абмежаванне доступу ў цэнтр гарадоў.
Дарэчы, падчас семінара выступоўцы згадвалі падобную ідэю для рэалізацыі ў Мінску. Пасля заканчэння будаўніцтва першага транспартнага кола можа быць абмежаваны транзітны рух аўтамабіляў па вуліцы Няміга.
Таксама абмяркоўвалася пытанне аб абмежаванні руху грузавых аўтамабіляў у цэнтры Мінска ў буднія дні.

Выкарыстанне ровараў, у тым ліку грузавых

Эксперт Джэром Сімпсан некалькі разоў узгадваў карысць ад развіцця веласіпеднага руху. Паводле статыстыкі, прыведзенай ім, тыя, хто рэгулярна ездзіць на ровары, жывуць на 2 гады даўжэй і бяруць на 15% менш бальнічных.
Аднак апроч таго, эксперт надае асаблівую ўвагу свабоднаму перасоўванню тавараў і паслуг у буйных гарадах. На яго думку, усё больш важную ролю будуць адыгрываць грузавыя веласіпеды. Яны каштуюць нашмат танней за матарызаваныя віды транспарту і пры гэтым не забруджваюць паветра і не патрабуюць ніякага паліва.
"Ад 51% да 68% усёй гарадской лагістыкі можа быць выкарыстана з дапамогай ровараў звычайны ці грузавых", — перакананы Джэром Сімпсан. Гэта скароціць колькасць грузавікоў у цэнтры горада.

Прыклад грузавога ровара, якім часта карыстаюцца бацькі з малымі дзецьмі

 

Сумеснае выкарыстанне аўтатранспарту


Гэта адзін з трэндаў на Захадзе. Выкарыстанне аўтамабілю, у салоне якога знаходзіцца толькі адзін кіроўца, стварае лішні трафік і б’е па экалогіі.

ОДБ: Практыка "кар-шэрынгу" (сумеснага выкарыстання аўто) шырока распаўсюджана ў большасці краін Заходняй і Цэнтральнай Еўропы, яна значна зніжае выдаткі падарожнікаў і дапамагае захаваць навакольнае асяроддзе.

Надпіс на плакаце ў руках у дзяўчыны ў цэнтры: "Мы разам ашаджаем 1560 кілаграмаў выкідаў CO₂ штогод"

 

Развіццё чыгуначнага і воднага транспарту


На думку эксперта, пасажырскія і грузавыя перавозкі мусяць на 50% перайсці з аўтатранспарту на чыгунку і водны транспарт.

Якую выгаду атрымае грамадства ад рэалізацыі гэтых прапаноў і далейшага развіцця ўстойлівай гарадской мабільнасці?

Эксперт Джэром Сімпсан мяркуе, што перавагі будуць мець розныя сацыяльныя і эканамічныя групы. Людзі змогуць зашчадзіць грошы, калі ходзяць пешшу ці карыстаюцца веласіпедам альбо грамадскім транспартам, а не асабістым аўтамабілем.
Эканамічны сектар, у тым ліку транспартыя кампаніі, атрымаюць большую колькасць кліентаў. Таксама будуць мець попыт распрацоўка прыладаў мабільнасці і экалагічных ініцыятыў.
Нарэшце, грамадства атрымае лепшае экалагічнае асяроддзе і эканомію ў сферы аховы здароўя.

Глядзець фота.

Чытайце таксама:

У Мінску прапануюць развіваць трамвай, а не будаваць развязкі

Як Наваполацк павялічваў мабільнасць сваіх жыхароў

Какие возможности финансирования для инноваций в транспортной сфере есть для Беларуси?

ОДБ Брусель