Брусель наведала група беларускіх экспертаў па пытаннях транспарту і транзіту


З 29 верасня па 2 кастрычніка па запрашэнні “Офіса за дэмакратычную Беларусь” (Бельгія) і Фонду развіцця прававых тэхналогій (Украіна) у Бруселі знаходзілася група беларускіх экспертаў у галіне транспарту і транзіту. Дэлегацыя, у склад якой увайшлі прадстаўнікі дзяржаўнага і грамадскага сектару, даследчыкі і журналісты,  брала ўдзел у праграме “Транспартная палітыка ЕС: дзелімся досведам з Беларуссю”.

У рамках адукацыйнага візіту беларускія спецыялісты азнаёміліся з работай інстытутаў Еўрасаюзу, атрымалі магчымасць сустрэцца з экспертамі Рады ЕС і Еўрапейскай камісіі, якія працуюць па нашым рэгіёне альбо займаюцца транспартнай палітыкай.
У часе сустрэч закраналіся такія тэмы як урбаністычны транспарт, трансеўрапейскія транспартныя сеткі, палітыка каардынацыі і планавання міжнароднага транспарту і магчымасці супрацоўніцтва паміж Еўрапейскім Саюзам і Беларуссю, у тым ліку і ў рамках ініцыятывы “Усходняе партнёрства”.

Падчас сустрэч у Генеральным дырэктараце па транспарце і энергетыцы Еўрапейскай камісіі неаднаразова падкрэслівалася важная роля Беларусі ў развіцці паўночнага вымярэння трансеўрапейскіх сетак. Было адзначана, што неўзабаве паміж Беларуссю, Расіяй і Нарвегіяй  павінна адбыцца падпісанне Мемарандуму аб узаемаразуменні ў гэтым пытанні.

Абмяркоўваліся таксама практыкі поўнай і частковай прыватызацыі грамадскага транспарту ў розных еўрапейскіх краінах, згадвалася цяжкасці, з якімі даводзіцца змагацца так званым “новым” дзяржавам ЕС падчас мадэрнізацыі сваіх транспартных сістэм.

Адукацыйны візіт беларускіх экспертаў у Брусель – частка сумеснага праекту “Офісу за дэмакратычную Беларусь” і Фонду развіцця прававых тэхналогій, што ажыццяўляецца пры падтрымцы Шведскага міжнароднага агенцтва па развіцці супрацоўніцтва (SIDA).

Пачынаючы з лістапада 2008 г. , сталіцу Еўрасаюзу ўжо наведалі беларускія спецыялісты ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і барацьбы з наступствамі на Чарнобыльскай АЭС, а таксама эксперты ў вобласці энергетыкі і энергазберагальных тэхналогій.

Адбор для ўдзелу ў візіце, прысвечаным навуцы і адукацыі, ужо абвешчаны. Анкету для заяўкі і запрашэнне можна знайсці па гэтай спасылцы.