З 9 па 14 красавіка прадстаўнікі рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз транспартнікаў» наведвалі Кішынёў з мэтай азнаямлення з досведам сваіх калег з Малдовы, якая паспела зарэкамендаваць сябе лідэрам сярод краін “Усходняга партнёрства” ў пераходзе на новую сістэму арганізацыі пасажырскіх перавозак.
Адукацыйны візіт беларускіх транспартнікаў – частка праекта “ЕС і Беларусь: дзелімся досведам”, накіраванага на паляпшэнне каналаў камунікацый і абмен лепшымі практыкамі паміж беларускімі спецыялістамі ў розных галінах і іх калегамі з краін ЕС і “Усходняга партнёрства”.
Падчас візіту беларускія спецыялісты сустракаліся з кіраўніцтвам Саюза Транспартнікаў і Дарожнікаў Малдовы, наведалі Міністэрства транспарту і дарожнай інфраструктуры краіны, а таксама Асацыяцыю Міжнародных Аўтамаблільных Перавозчыкаў «AITA» і адукацыйны цэнтр, што дзейнічае ў яе межах. З азнаямляльнымі мэтамі быў наведаны шэраг аўтавакзалаў і аўтобусных паркаў Кішынёва.
Беларускіх спецыялістаў цікавілі асноўныя праекты і нарматыўныя акты ў галіне транспарту, якія распрацоўваюцца ў Рэспубліцы Малдова, і магчымасці пераносу адпаведнага досведу ў Беларусь. Падчас сустрэч былі абмеркаваны таксама пагадненні «INTERBUS» і «OMNIBUS», што ў асноўным рэгулююць перавозку турыстаў, змены, выкліканыя далучэннем Малдовы да адпаведных транспартных канвенцый і пагадненняў Еўрасаюзу, пытанні лібералізацыі коштаў на паслугі перавозак, распрацоўка новага дарожнага кодэксу ды многае іншае.
Адным з вынікаў візіту стала падпісанне праекта пагаднення аб супрацоўніцтве паміж “Беларускім саюзам транспартнікаў” і Саюзам Транспартнікаў і Дарожнікаў Рэспублікі Малдова.
Візіт беларускіх спецыялістаў па пытаннях транспарту і транзіту ў Малдову ёсць першым з двух навучальных тураў, прадугледжаных у рамках дадзенага праекта. Атрыманыя падчас яго веды і матэрыялы будуць скарыстаны для распрацоўкі «Канцэпцыі па гарманізацыі заканадаўства ў галіне пасажырскіх перавозак аўтамабільным транспартам» – выніковага дакумента дзейнасці Пастаяннай працоўнай группы па пытаннях транспарту і транзіту, створанай у межах праекта. Апублікаваны дакумент будзе накіраваны ў Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь ды іншыя дзяржаўныя ўстановы.
Гэты візіт быў арганізаваны ў актыўным супрацоўніцтве з рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Беларускі саюз транспартнікаў”, Саюзам Транспартнікаў і Дарожнікаў Малдовы, а таксама асветніцкай установай “Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый” у Мінску.
“Офіс за дэмакратычную Беларусь” выказвае падзяку ўсім партнёрам у рэалізацыі праекта.
Справаздача па выніках візіта (па-руску):
Спампаваць PDF
Праект рэалізуецца “Офісам за дэмакратычную Беларусь” (Брусель, Бельгія) у супрацоўніцтве з Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў (Вільнюс, Літва) і рэспубліканскім грамадскім аб'яднаннем "Беларускі саюз транспартнікаў" (Мінск, Беларусь) і накіраваны на паляпшэнне каналаў камунікацый і магчымасцей для абмену досведам паміж беларускімі экспертамі ў розных галінах і іх калегамі з краін ЕС і “Усходняга партнёртсва”. Праект падтрыманы Еўрапейскай камісіяй. Тэхнічная і інфармацыйная дапамога ў арганізацыі мерапрыемстваў – асветніцкая ўстанова “Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый” (Мінск, Беларусь).

Дэлегацыя беларускіх спецыялістаў па транспарце і транзіце ў Кішынёве
Абмеркаванне праекта пагаднення паміж Саюзам Траспартнікаў і Дарожнікаў Малдовы і "Беларускім саюзам транспартнікаў"
Падчас падпісання пагаднення паміж Саюзам Траспартнікаў і Дарожнікаў Малдовы і "Беларускім саюзам транспартнікаў"
Наведаванне аўта-і чыгуначных вакзалаў