Даць магчымасць сталым людзям быць больш фінансава незалежнымі — з такой ідэяй у школу сацыяльнага прадпрымальніцтва Biz4all-2 прыйшла каманда стваральніц сервіса «БлізкіЯ» з Гродна. Ідэя рэалізацыі задумы нарадзілася ў Гродне, дзе ўжо 8 год працуе праграма «Універсітэт Залатога Веку» (УЗВ). Мэта — паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей праз іх інтэлектуальную, фізічную і сацыяльную актывізацыю і адстойванне іх інтарэсаў. Да паслуг студэнтаў і студэнтак УЗВ — каля 50 розных курсаў і клубаў. Аднак сталыя людзі прыходзяць ва УЗВ не толькі па веды.
Навучанне Biz4all-2 праходзіць у межах праграмы «Інкубатар сацыяльнага прадпрымальніцтва», арганізаванай ОДБ Брусель (Бельгія) у партнёрстве з TNU Network University (Нідэрланды) пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза.
«Адзінота, адчуванне таго, што ты нікому не патрэбны — вось што часта штурхае людзей прыйсці да нас — кажа Лана Руднік, ініцыятарка сервісу «БлізкіЯ» і дырэктарка праграмы «Універсітэт Залатога Веку». «Універсітэт Залатога Веку» распачынаўся ў красавіку 2010 года з 40 студэнтаў і 6 курсаў. Зараз штогод у нас навучаецца каля 200 чалавек. Праграма ўжо двойчы згадвалася ў Нацыянальнай справаздачы пра выкананне Мадрыдскага міжнароднага плану дзеянняў па праблемах старэння, атрымлівала перамогі на конкурсах у галіне нефармальнай адукацыі, прыймала на сваёй базе буйныя міжнародныя канферэнцыі».
Прыклад старонкі сервісу «БлізкіЯ»
Студэнты і студэнткі, якія наведваюць праграму, часта наракаюць на тое, што пенсіі не хапае, каб забяспечыць сабе годны ўзровень жыцця. «Гэта і не дзіўна — кажа Лана. Пасля выхаду на пенсію чалавек губляе 2/3 свайго звыклага даходу, але неабходнасць у фінансавай незалежнасці застаецца. Таму некаторыя сталыя людзі шукаюць падпрацоўку. Засноўваць свой бізнес людзі баяцца, на працу людзей сталага веку таксама браць ніхто не хоча, і таму магчымасці для дадатковай працоўнай занятасці вельмі абмежаваныя. З усведамлення гэтай сітуацыі і з’явілася ідэя стварэння сервісу «БлізкіЯ».
Каманда сервісу «БлізкіЯ» Эліна Журун, Вольга Астроўская, Лана Руднік, Дар’я Радзевіч з ментарам Аляксеем Андрусевічам з Швейцарыі Фота: з асабістага архіва
Ідэя сервісу палягае ў тым, каб сабраць на адной пляцоўцы людзей пенсійнага ўзросту, якія шукаюць падпрацоўку, і тых, каму будуць цікавыя іх паслугі. Якія разавыя працы могуць выконваць пенсіянеры? Рэпетытарства па розных прадметах, дапамогу па хаце, суправаджэнне дзяцей у школу і на гурткі. «Мы плануем пачаць са стварэння базы, дзе будзе каля 50 анкет пенсіянераў, гатовых да працы па розных накірунках. З намі падзяліліся сваім досведам стварэння падобнай платформы каманда Biz4all з Мінска babysitter.by, толькі яны спрабуюць вырашыць праблему разавых падзаробкаў для студэнтаў і студэнтак — распавядае Лана».
Таксама ў камандзе праекта працуюць яшчэ Дар’я Радзевіч, Вольга Астроўская, Эліна Журун. Усе дзяўчыны — супрацоўніцы некамерцыйнай установы «Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых «Студыя карысных кампетэнцый», заснаванай Ланай у 2014 г. Даша адказвае за прасоўванне праекта, Эліна займаецца дызайнам розных прома-матэрыялаў пра «Блізкіх», у сферы адказнасці Вольгі — пошук спонсараў. «Навучанне на праграме Biz4all дапамагло нам вызначыцца з мэтавай аўдыторыяй, канчаткова сфармаваць канцэпцыю сервіса, бо прыйшлі мы па сутнасці толькі з ідэяй. — заключае Лана Руднік. — Зараз рухаемся павольна, але плануем завяршыць пачатую справу і давесці ідэю сервісу да рэалізацыі спачатку ў Гродна, а потым выходзіць на іншыя беларускія гарады.
Я ўсведамляю, што наперадзе ў нас вельмі шмат працы па папулярызацыі нашай ідэі як сярод нашых студэнтаў і студэнтак, так і сярод патэнцыйных спажыўцоў паслуг, якія людзі пенсійнага ўзросту будуць прадстаўляць, так і сярод патэнцыйных інвестараў, якіх гэтая ідэя магла б зацікавіць.
Хутка ў нас ізноў пачнуцца гарачыя дзянькі — будзем абвяшчаць новы набор «Універсітэту Залатога Веку», шукаць дадатковыя рэсурсы на функцыянаванне праграмы, новыя студэнты будуць засвойваць новыя кампетэнцыі, у тым ліку і навучанне эканамічнай пісьменнасці. Я спадзяюся, што гэта будзе ўдалы досвед. Я вельмі ўдзячная праграме Biz4all за новыя веды, за тыя заданні, выкананне якіх паступова выкрышталізоўвалі нашу ідэю і рабілі яе больш рэалістычнай. Спадзяюся, што вы яшчэ пачуеце пра «Блізкіх».
Матэрыял падрыхтавала: Валерыя Нікалайчык
![]() |
Мэта праграмы – стварэнне пакаета рускамоўных праграм па навучанні сацыяльнаму прадпрымальніцтву з выкарыстаннем інавацыйнага міжнароднага досведу, а таксама досведу прадстаўнікоў беларускай дыяспары, якія сталіся паспяховымі прапрымальнікамі ў краінах Еўрасаюза і ЗША. |
Матэрыял падрыхтаваны ў межах праграмы "Інкубатар социальноага прадпрымальніцтва", што рэалізуецца ОДБ Брусель у партнёрстве з TNU Network University (Нідэрланды), беларускім моладзевым грамадскім аб'яднаннем "Новыя твары" за інфармацыйнай і тэхнічнай падтрымкай ГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" і фінансаваннем Еурасаюза.