Не быў у «Цудоўні», не быў у Горадні

Этнакрама «Цудоўня» працуе ў цэнтры Гродна ўжо чацвёрты год. Тут прадаюць вырабы беларускіх рамеснікаў з акцэнтам на гістарычнасць. У праграму навучання сацыяльнаму прадпрымальніцтву Biz4all гарадзенская каманда прыйшла з праектам стварэння на базе крамы культурнай пляцоўкі. «Калі мы адкрывалі разам з Надзейкай, цяпер - жонкай, краму тры гады таму, - распавядае суазаснавальнік «Цудоўні» Андрэй Несцяровіч, - мы першапачаткова разумелі, што гэта будзе не проста гандлёвая кропка, а культурная пляцоўка, дзе мы арганізуем канцэрты беларускіх музыкаў, лекцыі і выступленні. Зараз, пасля ўжо другой змены месцазнаходжання, унутры крамы можна праводзіць мерапрыемствы на 40-50 чалавек, таксама ёсць утульны ўнутраны дворык, які месціць да 200 чалавек. Апроч таго, мы - адзіная ў горадзе беларуская кнігарня».

Навучанне Biz4all-2 праходзіць у межах праграмы «Інкубатар сацыяльнага прадпрымальніцтва», арганізаванай ОДБ Брусель (Бельгія) у партнёрстве з TNU Network University (Нідэрланды) пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза.

Месца, дзе жывуць цуды

Сёння ў краме «Цудоўня» прадаецца больш за 2000 найменняў тавару - гэта рамесныя вырабы, якія не проста ўпрыгожваюць чалавека ці інтэр'ер, але распавядаюць пра гісторыю краіны ў розныя гістарычная часы. "Тры гады таму мы разумелі, што ў Беларусі шмат рамеснікаў, якія робяць цудоўныя, унікальныя рэчы, але пра іх амаль ніхто не ведае.  Заявіць пра сябе можна толькі на кірмашах і выставах, якія ладзяцца некалькі разоў у год. Але ж рамеснік працуе на працягу ўсяго года і лагічна прапанаваць пляцоўку для круглагоднага  продажу тавара, - разважае Андрэй. - Таму мы збіраем пад сваім дахам найцікавейшых,  Сёння з намі супрацоўнічае каля 180 рамеснікаў з розных куткоў Беларусі».


Андрэй Несцярові, Антон Шаранкевіч і Надзея Несцяровіч-Вішнеўская на Biz4all у Мінску Фота: Віталь Бразоўскі

Як рамесны выраб можа распавядаць пра гісторыю? Андрэй паказвае крамянёвы наканечнік, які вісіць у яго на шыі і тут жа пускаецца ў гістарычныя нарысы беларускіх зямель ад перыяду позняга неаліту. Вядома, да кожнага з некалькіх тысяч вырабаў у краме не прыкладаецца такая падрабязная гісторыя, але прадавец заўсёды адкрыты да зносін з пакупнікамі і гатовы распавядаць пра Беларусь, традыцыі і культуру краіны, дапамагаючы ў выбары сувеніра.

У сваёй форме і фармаце

Ужо некалькі гадоў на базе крамы праводзяцца лекцыі, майстар-класы па народных рамёствах, сустрэчы з музыкамі, пісьменнікамі. Напрыклад, у траўні адбылася аўтограф-сесія Лявона Вольскага. «Адным з важных аспектаў нашай працы, - падкрэслівае Андрэй, - з'яўляецца аддзяленне культуры ад палітыкі. Наша задума ў тым, каб павышаць узровень культуры і агульнага развіцця людзей, а не рабіць іх змагарамі».

 
 
Сувеніры, якія прадаюцца ў краме   «Цудоўні» у Гародні Фота: vk.com



Зараз мерапрыемствы ў «Цудоўні» часцей за ўсё праводзяцца бясплатна, а выдаткі пакрываюцца за кошт выручкі крамы ці добраахвотных ахвяраванняў наведнікаў. Але каманда «Цудоўні» плануе працаваць над эканамічным падмуркам гэтай дзейнасці. На працягу двух будучых гадоў у планах павысіць рэнтабельнасць бізнесу ў тры разы, перайсці на іншы ўзровень арганізацыі мерапрыемстваў, сфармаваць яшчэ больш шчыльнае ўзаемадзеянне ў камандзе, наладзіць супрацоўніцтва з ўладамі.

Яшчэ адзін удзельнік каманды Антон Шаранкевіч патрапіў у «Цудоўню» дзіўным чынам: «Я перыядычна хадзіў на мерапрыемствы і знешне ведаў Андрэя, але асабіста мы не былі знаёмыя. Неяк я ішоў па цэнтры Гродна, а насустрач крочыў Андрэй, мы павіталіся, пазнаёміліся і пагаварылі. У выніку, праз некалькі дзён Андрэй прапанаваў мне ўзначаліць краму на час яго адпачынку з Надзеяй. Тады мяне ўразіла: як можна так проста даверыць бізнес малазнаёмаму чалавеку. Але цяпер я разумею, што свайго чалавека відаць здалёк, і ў нас у камандзе пануе сяброўская і даверная атмасфера, з намі няма выпадковых людзей». Акрамя трох чалавек, якія праходзяць навучанне на Biz4all, у пастаянную каманду ўваходзіць яшчэ чатыры чалавекі.


Андрэй Хадановіч чытае вершы з дзіцячай кнігі "Нататкі таткі" у «Цудоўні» Фота: vk.com
 

Гроднеская сетка падтрымкі

Аб навучанні сацыяльнаму прадпрымальніцтву Biz4all Андрэй даведаўся ад удзельніка нашай першай школы Івана Петушка, які разам з камандай займаецца развіццём гарадскога цэнтра «Партал». Па словах Андрэя, заснавальніка «Цудоўні», сярод культурных цэнтраў горада ўжо фармуецца сетка падтрымкі адзін аднаго. Напрыклад, калі патрэбныя крэслы на мерапрыемствы, то «Цудоўня» не саромеецца звяртацца па дапамогу, у сваю чаргу, прапаноўваючы сваю дапамогу ў іншых справах. На навучанні каманда таксама знайшла аднадумцаў і партнёраў, з якімі будзе працягваць супрацоўніцтва.

«Мне вельмі спадабалася мадэль складання бізнес-канвы, таму што яна зразумелая і кароткая: я заўсёды пабойваўся шматстаронкавых бізнес-планаў, - успамінае Андрэй».

Сваёй галоўнай задачай «Цудоўня» бачыць паказаць беларусу яго беларускасць, даць у рукі рэчы, якія дапамогуць адчуць гонар за сваю краіну, свой народ і за сябе, праводзіць мерапрыемствы, якія раскрываюць беларусаў менавіта з пункту гледжання іх нацыянальных асаблівасцяў.

Тэкст: Валерыя Нікалайчык

Мэта праграмы – стварэнне пакаета рускамоўных праграм па навучанні сацыяльнаму прадпрымальніцтву з выкарыстаннем інавацыйнага міжнароднага досведу, а таксама досведу прадстаўнікоў беларускай дыяспары, якія сталіся паспяховымі прапрымальнікамі ў краінах Еўрасаюза і ЗША.

Матэрыял падрыхтаваны ў межах праграмы "Інкубатар социальноага прадпрымальніцтва", што рэалізуецца ОДБ Брусель у партнёрстве з TNU Network University (Нідэрланды), беларускім моладзевым грамадскім аб'яднаннем "Новыя твары" за інфармацыйнай і тэхнічнай падтрымкай ГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" і фінансаваннем Еурасаюза.

ОДБ Брусель