У сёлетнім паўсюдным сыходзе ў анлайн сацыяльным прадпрыемствам таксама важна не разгубіцца. Каб павысіць лічбавыя кампетэнцыі сацыяльных прадпрымальнікаў і прадпрымальніц з Беларусі ОДБ Брусель арганізаваў анлайн-курс "Перахадзь на лічбу, рабіся паспяховей». У яго межах 21 лістапада ладзіўся пяцігадзінны майстар-клас з трэнерам Міхасём Воўчыкам.
Увагу на занятках засяродзілі на Digital Tools (анг. лічбавых інструментах): праграмах, што паважаюць прыватнасць і права на валоданне створаным кантэнтам, а таксама базуюцца на інфраструктуры, якую можна разгортваць на сваіх серверах і хостынгу. Міхась – грамадскі актывіст з Беларусі, сузаснавальнік арганізацыі Фаланстар.
Ці магчыма арганізаваць праектны менеджмент на адкрытых прыладах, і як гэта лепей зрабіць?
Для праектнага менеджменту важна фармулёўка задач і іх бачнасць, паўната, дастатковасць апісання для ўсёй каманды. Таленавіты менеджэр трымае ўсё гэта ў галаве, пакуль памяці хапае, але ў нейкі момант усю гэту інфармацыю варта пачаць дзесьці адлюстроўваць і адсочваць. Існуе, бадай, тысяча спосабаў гэта зрабіць, але Фаланстар карыстаецца сервісам trello.com ужо фактычна з 2013 года.
Калі займаешся праектным менеджментам, могуць узнікаць невялікія праекты на некалькі месяцаў, а могуць тыя, што цянуцца гадамі, асобныя працэсы патрабуюць пастаяннай увагі, ёсць думкі пра тое, што будзе ў будучым. Увесь гэты аб’ём інфармацыі дапамагае ў зразумелай форме структураваць і запісаць сервіс trello. Карыстацца ім можна цалкам бясплатна. “Роля менеджера не ў тым, каб валодаць эксклюзіўная інфармацыяй, а ў тым, каб каманда была ў курсе таго, што адбываецца. Арганізацыя задач такім чынам – гэта канвеерны падыход” – тлумачыць Міхась.
Ці ёсць альтэрнатывы ZOOM, і як яны выглядаюць?
Нашы трэнінгі праходзяць на платформе ZOOM. З пачаткам пандэміі COVID-19 гэты сервіс павялічыў сваю аўдыторыю ў дзясяткі разоў. У апошнюю суботу сакавіка 2019 года Zoom спампавалі амаль 3 млн новых карыстальнікаў – гэта быў рэкорд. Па дадзеных даследчай фірмы Apptopia, з моманту выхаду кампаніі на IPO у красавіку 2019 г. колькасць карыстальнікаў Zoom перавысіла 59 млн чалавек.
Але прыватнасць і якасць камунікацыі можа забяспечыць не толькі гэты сервіс. Як лічыць Міхась, калі ваша каманда да 5 чалавек, ZOOM не патрэбны ўвогуле. Можна карыстацца, напрыклад, анлайн-сервісам meet.jit.si. Калі сувязь падаецца кепскай, гэта, хутчэй за ўсе, кепскі інтэрнэт.
Цікавы момант: з meet.jit.si можна зрабіць стрым на ютубе. Адзінае, што трэба – пачаць трансляцыю і забраць з ютуба ключ. Тое, што адбываецца ў вашай джытсі-рум будзе бачна тысячам карыстальніў ютуба.
Есць яшчэ беларускі рэсурс peregovorka.by. Hoster.by усталявалі сабе jit.si і назвалі гэта peregovorka. Яшчэ свабодная альтэрнатыва, якая часта выкарыстоўваецца ў адукацыйнай сістэме, – BigBlueBotton. Сервіс менш патрабавальны па рэсурсах.
Удзельніцы нашага трэнінга таксама дадалі да гэтага спісу Google Classroom. Але, у адрозннені ад буйных платформ, падкрэслівае трэнер, адкрытыя рашэнні не збіраюць дадзеныя пра сваіх карыстальнікаў.
Як працаваць са сваёй старонкай: асноўны фокус на Wordpress
Сайт і блог Фаланстар простыя і зроблены на платформе Wordpress. Гэта адна з самых папулярных і даступных пляцовак для стварэння сайтаў. Можна працаваць цалкам толькі з бясплатнымі опцыямі і пры жаданні дадаць платныя функцыі, каб атрымаць прафесійны сур'ёзны сайт.
Аказалася, што сайты большасці ўдзельніц курса таксама распрацаваны на Wordpress. Так што, усе ведалі базавую працу. Таму разбіралі магчымасці самастойнай устаноўкі пашырэнняў, якія моцна ўзбагачаюць функцыі сайта. Пры гэтым, не трэба наймаць праграміста, каб усталяваць нават самае крутое пашырэнне.
Асноўная задача ў развіціі сайта – набраць “слоўнік распрацоўшчыка”. У гэтым дапамагаюць пошукавікі – проста пішыце звычайнымі словамі і па спасылках пачніце “чапляць” новыя выразы. Так можна даведацца, як называецца патрэбны вам плагін (пашырэнне).
Як можна працаваць з воблакамі і чаму варта працаваць менавіта са сваім?
Для сваіх воблачных рашэнняў нашы ўдзельнікі і ўдзельніцы карыстаюцца Google і Yandex сервісамі. Але Міхась лічыць, што гэта не вельмі зручна і бяспечна, таму прапанаваў разгледзець некаторыя альтэрнатывы.
“Есць шмат ужо даўно існуючых воблакаў, самае старажытнае – DropBox. Ужо пасля з’явіліся Google і Yandex, сервісы Microsoft. Усе буйныя кампаніі даюць невялічкі бясплатны аб’ем для захоўвання файлаў. Што рабіць, калі трэба захаваць больш і бясплатна? Гэта для нас у Фаланстары было адным з абмежаванняў. Другое абмежаванне тое, што мы, што называецца, “падселі” і прывыклі пакідаць усё ў адным месцы, не клапоцячыся, што там адбываецца, і турбаваліся праз бяспеку. Тады мы вырашылі стварыць свае воблака Кожны можа гэта зрабіць, і ёсць некалькі існуючых сервісаў, якія дапамагаць”, – адзначыў Міхась Воўчык.
Адзін з іх гэта Owncloud – адкрытая свабодная праграма якую можна спамаваць і ўсталяваць. Гэта трошкі складаней за Wordpress, але рэальна ўсталяваць на розных хостынгах, не будучы праграмістам.
Праграмма, якая з’яўляецца працягам Owncloud, – Nextcloud, мае шмат плагінаў. З яе дапамогай можна рабіць калабаратыўную пляцоўку, галерэі. Гэта альтэрнатыва існуючым закрытым рашэнням па захоўванні файлаў і працы з імі. Плюс гэтых сістэм у прастаце. Дадаткі адаптуюцца да любога з сервісаў, іх можна сінхранізаваць.
На думку трэнера майстар-класа, пры магчымасці трэба надаваць больш увагі менавіта вывучэнню адкрытых даступных сістэм, якія дазваляюць вырашаць пытанні бізнесу, не звяртаючыся да папулярных рашэнняў, прапанаваных буйнымі кампаніямі. Як мінімум, гэта значна больш бяспечна ў плане захавання дадзеных, а таксама часта яны больш танныя.
Тэкст: Валерыя Нікалайчык
Фота: з адкрытых інтэрнэт-рэсурсаў