Biz4all. «Матылёк»: сучасныя аксэсуары з нацыянальным каларытам

У пачатку мінулай восені, калі праграма Biz4all «Інкубатара сацыяльнага прадпрымальніцтва», што ажыццяўляецца пры фінансавай падтрымцы ЕС толькі пачыналася, мінчанка Святлана Чыжык марыла стварыць невялікі цэнтр для людзей пенсійнага ўзросту. Ідэя была у тым, каб раскруціць цэнтр і зрабіць яго прывабным прыкладам для іншых прадпрымальнікаў: тады б такія цэнтры з’явіліся б у кожным квартале. Але навучанне ў інкубатары, правільная пастаноўка мэтаў і ацэнка сваіх магчымасцей паказалі, што пакуль на глабальны праект сіл і ведаў не хапае. Гэта было цяжка ўсведаміць і прызнаць. Раптам Святлана ясна зразумела, што яе хобі, пашыў аксэсуараў – таксама звычайны сацыяльны праект. Так з'явілася ідэя сацыяльнага прадпрыемства «Матылёк».

Хобі з каранямі з дзяцінства

Святлана распавядае, што колькі сябе памятае, заўсёды цікавілася дызайнам. Яна згадвае ўспаміны бабулі пра тое, як у дзяцінстве з кавалачка адрэзанай употай фіранкі рабіла сукенку для лялькі. На хвалі гэтай цікавасці дзяўчына паступіла ў коледж на дызайнера мадэлей абутку, але ў часе навучання зразумела, што эканоміка і бізнес вабяць не менш. Таму далей быў эканамічны ўніверсітэт. Святлана заўсёды была ў бізнесе, спачатку як ІП, потым як ЧУП і ТАА. Пры гэтым хобі шыць для сябе і сям'і засталося.

Святлана Чыжык, заснавальніца сацыяльнага прадпрыемства «Матылёк» Фота: з афіцыйнага сайта

Менавіта праграма Biz4all падштурхнула да таго, каб паспрабаваць ператварыць хобі ў бізнес. Прычым ў будучыні сацыяльнае прадпрыемства «Матылёк» дапаможа спалучаць два ўлюбёныя напрамкі дзейнасці: творчасць і эканоміку. «Задумку цэнтра для пажылых людзей, з якой я першапачаткова прыйшла на праект, адкладу на потым, няхай даспее , - дзеліцца думкамі Святлана, -  арганізатары мяне падтрымалі ў тым, каб змяніць напрамак праекту. Ідэя сацыяльнага прадпрыемства «Матылёк» прыйшла неяк сама сабой. Па ходзе навучання з новым праектам ўсё стала атрымлівалася лёгка і хутка, заданні здаваліся своечасова і нават з'явіліся першыя замовы. Першапачатковая каманда распалася і зараз са мной у камандзе праекта дачка-школьніца. У непасрэднай працы над аксэсуарамі з намі таксама мая мама-пенсіянерка».

20 відаў мятлікаў

З усіх магчымых аксэсуараў Святлана ўзялася шыць менавіта мятлікі з тканіны з нацыянальнымі ўзорамі, таму што гэтую ідэю падкінула само жыццё. Дачцы ў школу трэба было прыдумаць для класа нейкі адзіны ўнікальны аксэсуар адзення і абралі менавіта мятлікі. Прычым, у сучаснай модзе мятлік - гэта не толькі мужчынскі, але і жаночы аксэсуар. Праца была зроблена якасна і ў тэрмін, мятлікі атрымаліся моднымі і сучаснымі, але з нацыянальнымі беларускімі ноткамі. Пасля гэтай замовы для школьнікаў быў яшчэ адзіна больш сур'ёзная замова, калі кампанія папрасіла зрабіць аксэсуары, каб паднесці ў якасці падарунка афіцыйным асобам.

Прыклады мятлікаў сацыяльнага прадпрыемства «Матылёк» Фота: з афіцыйнага сайта

Падтрыманне нацыянальных традыцый і культуры з'яўляецца часткай сацыяльнага бізнесу, але галоўнай сацыяльнай задачай, на думку Святланы, стане рэінвеставанне частцы прыбытку ў дабрачынныя праекты. «Пакуль я яшчэ разважаю над тым, каму менавіта мы вырашым дапамагаць. Для мяне важна не проста падтрымаць нейкую дабрачынную ініцыятыву, а аддаць грошы на справу, якая адгукаецца ў душы. Магчыма, гэта будзе звязана з падтрыманнем беларускай моладзі, якая навучаецца за мяжой і здольная прасоўваць ідэі папулярызацыі нашай краіны... Але пакуль я дакладна не ведаю, актыўна шукаю ідэі ў гэтым накірунку».

Падушка для кіроўцы і пасажыраў ад сацыяльнага прадпрыемства «Матылёк» Фота: з афіцыйнага сайта

Зараз у працы над аксэсуарамі «Матылька» яны ўтрох: Святлана, яе дачка Алёна і матуля Марыя Міхайлаўна. Прадпрымальніца лічыць, што ў нейкай ступені наблізілася да сваёй мары арганізацыі вольнага часу для пенсіянераў, таму што мама актыўна ўцягнута ў працэс і праца ідзе спарней. «Але ж галоўнае – гэта яе задавальненне працэсам, за якім мне проста вельмі прыемна назіраць. Яна заўсёды таксама была творчым чалавекам: часам шыла нешта для мяне цi ўнучцы, але ж больш любіла вышываць. Амаль кожная мая дзіцячая вопратка - узгадвае Святлана - мела нейкі матулін дэкор».

Такі маленькі аксэсуар як мятлік ў нацыянальным стылі - гэта магчымасць развіць нацыянальную ідэю і гонар за сваю культуру. Атрымліваецца эклектыка сучаснай моды і беларускіх традыцый, якая выглядае стылёва і зараз знаходзіцца ў трэндзе. Зразумела, што толькі адны мятлікі бізнэс не зробяць і Святлана працуе над тым, каб пашыраць асартымент. Напрыклад, зусім нядаўна пашыла падушкі ў машыну для кіроўцаў і пасажыраў, дарэчы, таксама ў форме вялікага мятліка. Ідэй вырабаў шмат, але ж усе яны павінны прайсці праз прызму спажывецкага попыту.

Святлана Чыжык, заснавальніца сацыяльнага прадпрыемства «Матылёк» на мерапрыемстве Biz4all Камунікацыя с кліентамі 05.02.2017, Мінск Фота: Віталь Бразоўскі


Навучанне як стымул да развіцця

Падчас навучання па праграме Biz4all кожная каманда атрымлівае шмат новых ведаў, але толькі ад яе жадання залежыць якія навыкі будуць у выніку ўжытыя і што атрымаецца рэалізаваць. Сацыяльнае прадпрыемства «Матылёк» пасля аднаго з блокаў навучання зрабіла сайт. Святлана распавядае, што зрабіла сайт дачка Алёна. І навучыла яе карыстанню гэтым важным інструментам. Зараз рэсурс на беларускай мове, плануецца пераклад на рускую і ангельскую мову. Таму што Святлана, як прадпрымальніца з вопытам, бачыць прадажы ў тым ліку на замежных рынках.

 
Святлана Чыжык, заснавальніца сацыяльнага прадпрыемства «Матылёк» на мерапрыемстве Biz4all Пошук кліентаў, Мінск. Фота: Віталь Бразоўскі

Пакуль сайт працуе як візітка, ён не прыводзіць кліентаў, але з'яўляецца зручнай пляцоўкай для размяшчэння вырабаў. Таксама Святлана супрацоўнічае з некалькімі крамамі, куды як рамесніца перадае свае вырабы на продаж. Усе кантакты ўсталёўвала самастойна ўжо падчас навучання на курсах Biz4all. Пакуль застаецца вырашыць яшчэ шмат пытанняў: як павялічыць аб'ём продажаў увогуле і як наладзіць продаж прадукцыі за мяжу, але першыя важныя крокі ўжо зроблены і станоўчыя водгукі кліентаў выклікаюць аптмымізм.

Прадпрымальніца кажа пра тое, што вялікія замовы ўжо досыць складана рабіць адной, нават з дапамогай дачкі і маці, хочацца больш заняцца дызайнам і менеджментам, а на ручную працу, магчыма, наймаць людзей: прадпрыемства сацыяльнае і плануецца прапанаваць працоўныя месцы тым, каму патрэбна сацыяльная падтрымка.

Тэкст: Валерыя Мікалайчык

Цель программы – создание пакета русскоязычных программ по обучению социальному предпринимательству с использованием инновационного международного опыта, а также опыта представителей белорусской диаспоры, ставших успешными предпринимателями в странах Евросоюза и США.

Материал подготовлен в рамках программы "Инкубатор социального предпринимательства", которую реализует ОДБ Брюссель в партнёрстве с TNU Network University (Нидерланды), белорусским молодёжным общественным объединением "Новые лица" при информационной и технической поддержке ОО "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" и финансировании Евросоюза.

ОДБ Брюссель