У хуткім часе ў Мінску з'явіцца інклюзіўны тэатр для маларухомых людзей - актораў-вазочнікаў. Амбіцыйны праект запускае выпускніца нашай праграмы 'SEI Youth: Мой першы бізнес' па навучанні сацыяльнаму прадпрымальніцтву. Першыя ў Беларусі майстар-класы па стварэнні бесперашкоднага тэатральнага асяроддзя пройдуць у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі.
Аўтарка ідэі першага інклюзіўнага тэатра для "вазочнікаў" - Ксенія, студэнтка факультэта сацыякультурных камунікацый Белдзяржуніверсітэта, прайшла наш трэнінг па сацыяльным прадпрымальніцтве 'SEI Youth: Мой першы бізнес', які ладзіўся ў жніўні гэтага года ў фармаце летняй школы.
Дарэчы, ідэя рэалізаваць праект інклюзіўнага тэатра ў Беларусі ёй прыйшла менавіта ва ўніверсітэце: на занятках па дысцыпліне "Кіраванне праектамі" гэтую справу пачынала яе аднагрупніца, сястра якой з'яўляецца "вазочніцай". Мэтай сябровак стала зрабіць як мага больш для таго, каб людзі з інваліднасцю не замыкаліся ў сабе і здолелі паверыць у свае сілы!
![]() |
Ксенія (першая злева), 18 год - студэнтка БДУ, спецыялізацыя "сацыяльнае праектаванне", выпусніца праграмы 'SEI Youth: Мой першы бізнес' |
![]() |
Ксенія, выпусніца праграмы 'SEI Youth: Мой першы бізнес' |
Наша выпусніца Ксенія вырашыла, што для людзей з інваліднасцю лепшы спосаб пазбавіцца псіхалагічных бар'ераў і знайсці новых сяброў - удзел у аматарскім тэатры. Бо сама калісьці займалася ў школьнай тэатральнай студыі - франкамоўным тэатры "Clartés". Ідэя стварэння інклюзіўнага тэатра зацікавіла тэатральнага крытыка Аляксея Стрэльнікава. Так з'явілася прапанова арганізаваць серыю адмысловых майстар-класаў для людзей з інваліднасцю. Гэтыя майстар-класы ў бліжэйшы час пройдуць у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі.
Падтрымаць інклюзіўны тэатр можна праз краўдфандынг-пляцоўку "Мае Сэнс".
Трэнінг 'SEI Youth: Мой першы бізнес' прайшоў у межах праграмы па навучанні сацыяльнаму прадпрымальніцтву ў Беларусі, якую ладзіць ОДБ Брусель у партнёрстве з TNU Network University (Нідэрланды), беларускім моладзевым грамадскім аб'яднаннем "Новые лица" і міжнародным грамадскім аб'яднаннем "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" пры падтрымцы Еўразвяза.
Чытайце таксама:
Выпускники программы SEI Youth запускают молодёжный стрит-бренд Калязоркi