У партнёрстве з ініцыятывай "Добрае сочыва для добрых людзей" 5 сакавіка "Офіс за дэмакратычную Беларусь" (Брусель) зладзіў творчы воркшоп для дзяцей з аўтызмам, што навучаюцца ў інтэграцыйным класе сярэдняй школы № 5 горада Мінска. На творчым занятку разам к мастачкай Соф'яй Садоўскай дзеці падрыхтавалі падарункі да Міжнароднага жаночага дня: зрабілі рознакаляровыя паштоўкі-аплікацыі і аздобілі ільняныя торбы аўтарскімі малюнкамі.
![]() |
Вольга Стужынская (другая злева), Дырэктар "Офіса за дэмакратычную Беларусь" |
Першы ў Беларусі школьны клас для дзяцей з аўтызмам з'явіўся ў мінулым навучальным годзе. Зараз тры вучні ўваходзяць у інтэграцыйны клас, дзе маюць магчымасць наведвання заняткаў па некаторых дысцыплінах разам з астатнімі навучэнцамі агульнаадукацыйнай школы. Дзеці з аўтызмам і іх аднакласнікі разам займаюцца фізкультурай, рускай мовай, маляваннем, ходзяць на заняткі музыкі і часткова - матэматыкі.
![]() |
Соф'я Садоўская (другая злева), мастачка |
![]() |
Наталля Ваўчок |
Па словах настаўніка-дэфектолага Наталлі Ваўчок, у гэтым навучальным годзе ў Беларусі былі адкрытыя пяць падобных класаў. Праграма навучання яе вучняў інтэграцыйная: улучае карэкцыйныя заняткі (па 3 гадзіны на тыдзень) і звычайныя прадметы. На занятках фізкультуры дзеці з аўтызмам ужо разам з астатнімі вучнямі робяць практыкаванні ў камандзе і ўдзельнічаюць у эстафетах.
Адмысловыя заняткі ўключаюць карэкцыйны кампанент развіцця мыслення і элементы ABA-праграмы. Педагог патлумачыла, што распрацоўваць індывідуальныя праграмы дапамагаюць маскоўскія калегі з рэсурснага класу для дзяцей з аўтызмам. "Мы з імі супрацоўнічаем, яны дапамагаюць абследваць дзяцей: мы ім адпраўляем відэа - яны яго глядзяць, кансультуюць", - кажа Наталля Ваўчок.
Па словах настаўніка вышэйшай катэгорыі Валянціны Давыдковай, аднагодкі ўспрынялі дзяцей з аўтызмам як роўных: "Нашыя дзеці мудрэйшыя за нас: адразу іх успрынялі, хутка разабраліся. Яны іх слушна ўспрымаюць і аберагаюць! Імкнуцца ім дапамагчы, уцягнуць у гульню, яны іх не цураюцца. Увесь час з імі разам, як роўныя".
![]() |
Валянціна Давыдкова, настаўнік пачатковых класаў |
Перад адкрыццём інтэграцыйнага класу настаўнікі і прадстаўнікі ініцыятывы "Добрае сочыва для добрых людзей" праводзілі падрыхтоўку і тлумачальныя размовы з бацькамі і дзецьмі. Інтэграцыйнае навучанне было ўзгоднена з кіраўніцтвам установы адукацыі. "Было няпроста: спачатку ім хапала ўвагі на 5-7 хвілін. Сёння яны могуць навучацца поўны занятак. Жэня прыходзіць да нас на матэматыку: сёння ён ужо выходзіць да дошкі, камунікуе, разумее, што я ад яго патрабую, працуе разам з усімі 45 хвілін. Ён вырашае па-свойму - не можа патлумачыць паслядоўнасць нейкіх дзеянняў, але адказы дае слушныя", - дадае Валянціна Давыдкова.
Зараз вучні з аўтызмам патрошку ўдзельнічаюць у школьных ранішніках разам з астатнімі навучэнцамі.
Падчас майстар-класу, які прайшоў 5 сакавіка, дзеці з аўтызмам засвойвалі творчыя практыкі і досвед удзелу ў дзіцячай майстэрні. Воркошоп, які прайшоў пры падтрымцы ОДБ, псіхолагі-трэнеры і супервізары выкарыстоўвалі ў навучанні як дадатковую методыку развіцця дзяцей з аўтызмам.
Творчы воршоп прайшоў у сяброўскай атмасферы - разам з падрыхтоўкай падарункаў для сваіх мам да свята 8-га сакавіка дзеці атрымалі шмат пазітыўных эмоцый.
Чытайце таксама: