У Мінску абмеркавалі праекты заканадаўства ў сферы фундатарства, валанцёрства і дабрачыннасці

Асацыяцыя еўрапейскага бізнесу і Міжнароднае асветніцкае грамадскае аб'яднанне "АКТ" зладзілі кансультацыі з прадстаўнікамі прыватнага сектару і грамадскіх арганізацый па пытанні заканадаўчай ініцыятывы ў сферы рэгулявання фундатарства, валанцёрства і дабрачыннасці. Адмысловы праект Закона "Аб грамадска карыснай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь" быў прадстаўлены аб'яднаннем "АКТ" падчас сустрэчы ў офісе АЕБ. Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі перавагі і недахопы спрэзентаванага законапраекта. Па запрашэнні Асацыяцыі еўрапейскага бізнесу ў абмеркаванні прыняў удзел і "Офіс за дэмакратычную Беларусь" (Брусель).

Валер Журакоўскі, сябра праўлення Міжнароднага грамадскага аб'яднання "АКТ"

 

Як распавёў падчас сустрэчы прадстаўнік аб'яднання "АКТ" Валер Журакоўскі, дагэтуль праект закона "Аб дабрачыннай дзейнасці і дабрачынных арганізацыях" разглядаўся беларускім парламентам яшчэ ў 2002-м годзе, але быў адхілены. Як сведчыць дакумент, - з прычын супярэчнасцей у пытаннях бязвыплатнай (альбо на ільготных умовах) перадачы дзяржаўнай уласнасці "дабрачынным" арганізацыям падчас прыватызацыі, з-за супярэчнасцей заканадаўству аб мытных плацяжах і "расплывістай" фармулёўкі паняцця валанцёрства - у мінулым законапраекце яно мусіла трактавацца ў тым ліку як "аказанне паслуг і працы на ільготных умовах", а не як бязвыплатная дапамога (гл. законапраект 2002-га года).

Сёння адмысловых законаў пра валанцёрства і дабрачыннасць у Беларусі няма, а пытанні фундатарскай (спонсарскай) дапамогі ўнутры краіны рэгулюе Ўказ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1.07.2005) №300  "Аб прадастаўленні і выкарыстанні бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі". У той жа час у Расіі Федэральны Закон "Аб дабрачыннай дзейнасці і дабрачынных арганізацыях" быў прыняты ў 1995-м годзе, адпаведны закон ва Ўкраіне - у 1997-м. Так, напрыклад, сярод мэтаў дабрачыннай дзейнасці ў Расіі пазначаны падтрымка фізкультуры і спорту (за выключэннем прафесійнага спорту), дапамога ахвярам рэпрэсій, сацыяльная рэабілітацыя сірот і г.д.

Максім Падбярозкін, каардынатар праграмы "Дом узаемаразумення" Офіса за дэмакратычную Беларусь

 

Міжнароднае асветніцкае грамадскае аб'яднанне "АКТ" распрацавала новы дакумент па пытаннях рэгулявання спонсарскай дапамогі, валанцёрства і дабрачыннай дзейнасці, які атрымаў назву праекта Закона "Аб грамадска карыснай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь". Напапярэдадні "АКТ" ладзіў абмеркаванні свайго праекту закона сярод арганізацыяй грамадскага сектару. Кідаецца ў вочы, што ў гэтым праектным дакуменце мэты грамадска карыснай дзейнасці распаўсюджваюцца на падтрымку прафесійных відаў спорту, набыццё сельскагаспадарчай тэхнікі і паліва, падтрымку і развіццё малога бізнесу і азеляненне (што з'яўляецца камерцыйнымі мэтамі ў асобных выпадках). Сярод "грамадска карысных мэтаў" няма, напрыклад, спрыяння ўмацаванню міру, прафілактыкі правапарушэнняў, аховы дзяцінства і бацькоўства ды інш. Па словах прадстаўніка "АКТу" Валерыя Журакоўскага, аб'яднанне разам з арганізацыяй "Фаланстэр"  зараз стварае адмысловую анлайн-пляцоўку для абмеркавання свайго праекта закона шырэйшым грамадствам.

У працоўную групу па распрацоўцы праекта Закона "Аб грамадска карыснай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь" ўвайшла Асацыяцыя еўрапейскага бізнесу, якая на мінулым тыдні зладзіла папярэднее абмеркаванне з прадстаўнікамі бізнес-кампаній, каб пачуць іх заўвагі да законапраекту як патэнцыйных фундатараў.

Удзельнікі сустрэчы пагадзіліся на тым, што пытанні рэгулявання валанцёрскай, дабрачыннай і спонсарскай дапамогі маюць міжведамасны характар.

Па словах дырэктара па маркетынгу ЗАТ "Альфа-Банк" (Беларусь) Кацярыны Краўцовай (у мінулым - кіраўніцы напрамку маркетынгу "Альфа-Банка" ў Расіі), прыватны бізнес сутыкаецца з пэўнымі цяжкасцямі, ажыццяўляючы спонсарскую дапамогу. Што да суседняй Расіі, пытанні фундатарства там рэгулююцца заканадаўствам аб рэкламе. Але звыклай для расійскага банку схемы аказання спонсарскай дапамогі ў Беларусі не існуе.

Па словах першага намесніка гендырэктара "Кока-Кола Беврыджыс Беларусь" Андрэя Рошчупкіна, у межах дзейнага заканадаўства "без адмысловага рашэння дзяржаўнага органа сёння немагчыма прафінансаваць нават школьны чэмпіянат па футболе ці міжуніверсітэцкую алімпіяду". У той жа час у прыватныя кампаніі прыходзіць шмат запытаў па фундатарскую дапамогу, нават з-за мяжы. Па словах Рошчупкіна, падчас лясных пажараў у Грэцыі, беларускі філіял "Coca-Cola Hellenic" стаў адзіным з 28-мі філіялаў, што не змог прапанаваць дабрачынную дапамогу яе жыхарам праз існыя правілы. Адначасова праект Закона "Аб грамадска карыснай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь" закранае пытанні рэгулявання фундатарскай і дабрачыннай дзейнасці толькі ўнутры краіны і не датычыцца міжнароднай донарскай дабрачыннай дапамогі.

Андрэй Рошчупкін, першы намеснік гендырэктара замежнага прадпрыемства"Кока-Кола Бевырыджыс Беларусь"

Адначасова прадстаўнікі прыватных кампаній адзначылі, што сярэдняму бізнесоўцу досыць цяжка зарыентавацца ў беларускіх грамадскіх арганізацыях і мець упэўненасць, што спонсарская дапамога не будзе выкарыстана ў іншых мэтах. Прадстаўнікі "АКТу", згодна з праектам Закона "Аб грамадска карыснай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь", прапануюць стварыць адмысловы "рэестр грамадска карысных арганізацый" для бізнесу. Аднак на сустрэчы прадстаўнікі бізнесу звярнулі ўвагу на тое, што не заўсёды ёсць неабходнасць дапамагаць менавіта арганізацыям: падтрымліваць можна наўпрост таленавітых дзяцей і моладзь.

Прадстаўнікі кампаніяў заўважылі, што галоўнай матывацыяй бізнесу ў дабрачыннасці робяцца падаткавыя паслабленні і добры сацыяльны імідж (рэклама). Пры гэтым удзельнікі сустрэчы не мелі дастаткова часу, каб абмеркаваць рэгуляванне валанцёрскай дзейнасці, выкладзенае аб'яднаннем "АКТ" у праекце Закона "Аб грамадска карыснай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь". Прынамсі, у параўнанні з ужо дзеючым ва Ўкраіне Законам "Аб валанцёрскай дзейнасці", прынятым у 2011-м годзе, праект "АКТу" мае мэтай узаконіць выдаткі валанцёрскіх арганізацый, аднак пакуль не ўключае звестак пра права такіх арганізацый атрымліваць сродкі і іншую маёмасць для ажыццяўлення валанцёрскай дзейнасці.

Валер Журакоўскі, сябра праўлення Міжнароднага грамадскага аб'яднання "АКТ"

 

Па словах прадстаўніка Міжнароднага асветніцкага грамадскага аб'яднання "АКТ" Валерыя Журакоўскага, кансультацыі з беларускімі грамадскімі арганізацыямі па пытаннях удасканалення заканадаўства ў сферы дабрачыннай, спонсарскай і валанцёрскай дзейнасці пройдуць у красавіку-траўні. Затым "АКТ" мае намер з пачатку чэрвеня 2015 года прэзентаваць уласныя прапановы прадстаўнікам дзяржорганаў.

Чытайце таксама: НГО Могилёвского региона обсудили вопросы развития деятельности общественно-полезных организаций в Беларуси 

ОДБ