Кампанія, распачатая еўрапейскімі дэпутатамі Генавефай Грабоўскай (Польшча), Юстасам Палецкісам (Літва) і Ханэсам Свобадам (Аўстрыя) пад лозунгам “Say YES to Cheaper Visas for Belarusians” (“Скажы “ТАК” таннейшым візам для беларусаў”), набывае папулярнасць як у самім Еўрапарламенце, так і сярод нашых суайчыннікаў. На 21 лютага было сабрана больш за 80 подпісаў сяброў ЕП пад Дэкларацыяй № 12, якая прапануе знізіць кошт Шэнгенскіх віз для беларускіх грамадзян. Калі подпісаў будзе больш за 391, дэкларацыя накіруецца для разгляду ў Раду Еўразвязу і Еўракамісію.
“Офіс за дэмакратычную Беларусь” актыўна падтрымаў гэту ініцыятыву, зладзіўшы збор подпісаў у падтрымку кампаніі сярод беларускіх грамадскіх арганізацый, палітычных партый і медыя асацыяцый. Падчас парламенцкай сесіі ў Страсбуры, што праходзіла 18-21 лютага, супрацоўнікі Офіса інфармавалі еўрадэпутатаў пра высокія кошты Шэнгенскіх віз для беларускіх грамадзян і складаную працэдуру іх атрымання.
На дадзены момант (24.04.2008) 156 дэпутатаў Еўрапарламента падпісалі дэкларацыю № 12.