17 лістапада 2016 года ў Мінску адбыўся круглы стол па абмеркаванні сусветных трэндаў міграцыі і міжнароднага досведу ўдзелу дыяспар ў развіцці сваіх краін. Удзельнікі дыскусіі - прадстаўнікі НДА, бізнесу, адукацыі, міжнародных арганізацый - ацанілі "хвалі" беларускай міграцыі і перспектывы ўдзелу нацыянальнай дыяспары ў эканамічным і культурніцкім развіцці Беларусі, а таксама сучасныя падыходы да прасоўвання беларускасці ў розных краінах свету.
Дыскусія арганізавана ў межах праграмы "Інкубатар сацыяльнага прадпрымальніцтва", якую рэалізуе ОДБ Брусель у партнёрстве з TNU Network University (Нідэрланды), беларускім моладзевым грамадскім аб'яднаннем "New Faces" і міжнародным грамадскім аб'яднаннем "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" пры падрымцы Еўразвязу.
|
Круглы стол "Беларуская дыяспара", 17 лістапада 2016 года, Мінск |
ЦІ МОЖА ДЫЯСПАРА СПРЫЯЦЬ ІНВЕСТЫЦЫЯМ?
Як адзначыў прафесар TNU Network University спадар Герд Юнэ, добрым і натхняльным прыкладам удзелу дыяспары ў развіцці краіны служыць досвед Ірландыі. Міграцыя з гэтай маленькай выспавай дзяржавы налічвае стагоддзі, мае шмат хвалей. Шмат пакаленняў ірландцаў, якія вандравалі па ўсім свеце, і сучасныя пакаленні іх нашчадкаў ніколі не бачылі роднай зямлі. Што да гэтых прадстаўнікоў дыяспары, ірландскі ўрад апошнім часам рэалізуе ўсебаковую і ў чымсьці рэвалюцыйную стратэгію супрацоўніцтва - вітае ўсіх, хто жадае развіць сувязі з радзімай нават праз пакаленні.
![]() |
Герд Юнэ, TNU Network University |
Так, Ірландыя - адна з першых краін, якая стварыла суполку высокага ўзроўню з ліку трохсот уплывовых ірландцаў, якія жывуць за мяжой. Дэ-факта гэтая суполка з'яўляецца пашырэннем дыпламатычных сервісаў, зазначыў прафесар Юнэ: "Бо яны ўкараніліся і больш інтэграваны ў мясцовае грамадства, чым звычайныя дыпламаты. Часам яны могуць здабыць больш інфармацыі, чым на тое здольныя амбасады. Яны жывуць у сарака краінах і служаць дарадцамі ўрада, каб інфармаваць пра цікавыя змены ў заканадаўстве, працэсы эканамічнага развіцця, якія нейкім чынам уплываюць на Ірландыю".
У 2011 годзе ірландцы стварылі арганізацыю "Connect Ireland", якая сёння налічвае 68 тыс. прадстаўнікоў дыяспары ў розных краінах свету. Практычна ўсе яны займаюцца пошукам і прыглядаюцца да замежных кампаній, якія патэнцыйна могуць інвеставаць у Ірландыю. І такая праца заахвочваецца: за кожнае новае працоўнае месца, створанае ў Ірландыі высілкамі міжнароднай кампаніі, сябрам "Connect Ireland" належыць грашовая прэмія - у якасці падзякі з боку дзяржавы. Такім чынам урад заахвочвае ірландцаў за мяжой рабіць унёсак у стварэнне новых працоўных месцаў і робіць гэта не бязвыплатна.
Таксама ірландскі ўрад заахвочвае нацыянальныя ўніверсітэты і коледжы сачыць за кар'ерай сваіх паспяховых выпускнікоў, калі тыя з'яджаюць за мяжу. Урад выдаткоўвае адмысловыя субсідыі для навучальных устаноў на падтрымку сувязей з таленавітай моладдзю. З іншага боку, універсітэты зацікаўлены ў добрых адносінах з навучэнцамі, падтрымцы "брэнду" альма-матэр - выкладчыкі таксама маюць інтарэс паглядзець, куды рухаюцца вучні ды якія здольнасці яны развілі. Такі падыход па сучасных мерках больш дзейсны, бо ўрадавым структурам цяжка адсачыць, куды кіруецца мігрант, для выкладчыкаў падтрымліваць сувязі, натуральна, прасцей.
ЯК "АДТОК МАЗГОЎ" ПЕРАТВАРЫЦЬ У ІНТЭЛЕКТУАЛЬНЫ ПРЫБЫТАК?
Удзельнікі дыскусіі, вядома, закранулі пытанне "адтоку мазгоў". Што рабіць, калі для самарэалізацыі грамадзянін абірае кар'еру і працу за мяжой? Галандскі эксперт Герд Юнэ запэўніў, што да гэтага працэсу трэба ставіцца спакойна. І вось чаму. На прыкладзе Кітая, па яго словах, бачна, што ўрад спрытна выкарыстоўвае патэнцыял актыўнай моладзі. Кітайская народная рэспубліка рэалізуе Нацыянальную праграму развіцця талентаў, згодна якой штогод паўмільёна кітайскіх студэнтаў выязджаюць вучыцца за мяжу. Вядома, пэўная колькасць такіх студэнтаў застаецца ў замежжы працаваць і жыць. Але, калі паглядзець на дадзеныя 2014-га года, большасць таленавітай моладзі вяртаецца на радзіму: з 459,8 тыс. студэнтаў 360 тыс. вярнуліся ў Кітай.
Інтэлектуальны багаж тых, хто вяртаецца, самы каштоўны, зазначыў эксперт. Выпускнікі і спецыялісты, якія набылі веды і досвед жыцця ў іншых краінах, валодаюць каштоўным досведам.
Менавіта гэты падыход выкарыстоўвала Індыя. Зараз краіна ўспрымаецца як сусветны тэхналагічны хаб: Індыя - адна з перадавых вытворцаў софту ў свеце. Дзіўна, але такія дасягненні сталі магчымыя толькі за ўдзелам індыйскай дыяспары. Бангалор стаўся свайго кшталту тэхналагічным цэнтрам, дзякуючы мігрантам, якія вярталіся ў краіну з каласальным прафесійным досведам. Да таго ж яны валодалі і прафесійнымі сувязямі - гэта дазволіла наладзіць сеткавае міжнароднае супрацоўніцтва і лепш інтэграваць Індыю ў міжнародную структуру вытворчасці.
ЭКАНАМІЧНАЕ ГРАМАДЗЯНСТВА, ЦІ ДАДАТКОВЫЯ ПРАВЫ
На прыкладзе Індыі шмат краін сталі ўводзіць пашпарты "эканамічнага грамадзянства" для прадстаўнікоў сваіх дыяспар: тых, хто мае нацыянальныя карані і вызначае сябе прыналежным да нацыі. Так, у Індыі "эканамічнае грамадзянства" дае магчымасць валодаць аднолькавымі з усімі грамадзянамі правамі рэзідэнтаў: інвеставаць, засноўваць кампаніі ці прадпрыемствы, адкрываць спецыяльныя банкаўскія рахункі і не мець дадатковыя выдаткі замежніка. Такая цікавая інавацыя была перанятая іншымі краінамі.
Што да ўспрымання замежных (але ж сваіх) грамадзян ды спецыялістаў суайчыннікамі, то на рынку працы яны могуць ўспрымацца с пэўнай варожасцю, як канкурэнты, але шчыра вітаюцца, калі засноўваюць свае ўласныя новыя кампаніі ды ствараюць новыя працоўныя месцы.
![]() |
Круглы стол "Беларуская дыяспара", 17 лістапада 2016 года, Мінск |
БЕЛАРУСКАЯ ДЫЯСПАРА Ў СВЕЦЕ
![]() |
Алена Макоўская, ЗБС "Бацькаўшчына" |
Як зазначыла кіраўніца міжнароднага аб'яднання Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" Алена Макоўская, гістарычныя хвалі беларускай эміграцыі робяць дыспару неаднастайнай. Вылучаецца паваенная (падчас і пасля другой сусветнай вайны), працоўная, палітычныя і інш. віды міграцый. Сярод сябраў дыяспары - людзі розных поглядаў, у тым ліку палітычных, рознага ўзросту, прафесій, г.д.
Значны ўклад у развіццё беларускасці, па яе словах, зрабіла старое пакаленне мігрантаў, якія жывуць на Захадзе. Іх высілкамі, да прыкладу, была створана Беларуская бібліятэка Францыска Скарыны ў Лондане.
Праблема пераемнасці пакаленняў існуе і сярод прадстаўнікоў дыяспары. У некаторых краінах ранейшыя плыні не адчуваюць прытоку моладзі: такім чынам амаль згубіліся арганізацыі беларускай дыяспары ў Аўстраліі - без маладога папаўнення. У той жа час гэта тлумачыцца тым, што моладзь прывабліваюць новыя формы супрацоўніцтва (летнікі замест паседжанняў) ды зносіны з аднагодкамі.
Ці вялікая па колькасці беларуская нацыянальная дыяспара? Фармальна суполкі беларускай дыяспары арганізаваны толькі ў 26 краінах свету. Зразумела, што беларусаў у свеце значна больш, як і колькасць краін, дзе яны жывуць.
Як адзначае Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына", сярод мігрантаў ёсць падзел і па ступені лаяльнасці да існуючай беларускай улады, і па светапогладзе, і па самаідэнтыфікацыі сябе як беларусаў. Апошняе найбольш уразліва. За 20 год у Расіі колькасць беларусаў, згодна з дадзенымі арганізацыі, знізілася з 1,2 млн. да 0,5 мільёна - менавіта толькі такая колькасць людзей праз час змагла сябе аднесці да беларускай нацыі, што сведчыць пра вельмі хуткія працэсы асіміляцыі. Такая тэндэнцыя назіраецца і ў суседняй з Беларуссю Польшчы: на пачатку 1990-х гадоў этнічнымі беларусамі там называлі сябе 300 тыс. чалавек, у 2002-м годзе - толькі 48 тысяч чалавек.
Дарэчы, працэс асіміляцыі беларусаў і іх адмова адносіць сябе да нацыі (ці грэбаванне каранямі), магчыма, нават больш небяспечнае, чымсьці падзелы па палітычных поглядах, бо вызначальнай для дыяспар па ўсім свеце з'яўляецца менавіта самаідэнтыфікацыя.
У той жа час, удзельнікі дыскусіі прыйшлі да высновы, што шмат праблем, звязаных з развіццём дыяспары, палягае ў самой Беларусі. Напрыклад, працэсам асіміляцыі беларусаў за мяжой спрыяюць слабасць нацыянальнай і культурнай, ды і моўнай, ідэнтычнасці ўнутры краіны. Таму ў шэрагах эмігрантаў над нацыянальнай ідэнтычнасцю пакуль дамінуе тэрытарыяльная і грамадзянская (ці пашпартная). Кволасць "беларускасці", дарэчы, праблема, якую належыць пачаць вырашаць у Беларусі.
У той жа час, незалежна ад поглядаў, прадстаўнікоў беларускай дыяспары аб'ядноўвае ўсведамленне незалежнасці ды суверэнітэту Беларусі і жаданне росквіту краіны. Дарэчы, умацаванне незалежнасці - гэта ключавы фактар, што яднае дыспару і афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі, на думку кіраўніцы Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына". І менавіта гэты фактар можа спрыяць працягламу працэсу нацыянальнага будаўніцтва.
ЯПІ-БЕЛАРУСЫ, ЦІ ДРУГАЯ ГЕНЕРАЦЫЯ ЭМІГРАНТАЎ
Як падкрэсліў падчас дыскусіі сакратар інфармацыі Рады БНР Алесь Чайчыц, які нарадзіўся ў Маскве і з'яўляецца беларусам у другім пакаленні, неабходна засяродзіць увагу на "дыяспары прафесіяналаў", ці "япі-беларусах".
![]() |
Алесь Чайчыц |
"Гэта людзі, якім зараз ад 30 да 50 год. Яны знаходзяцца на піку сваёй кар'еры, сваіх здольнасцей, патэнцыялу як прафесіяналаў. Для Беларусі патэнцыяльна - найбольш цікавая, найбольш плённая катэгорыя людзей", - зазначыў прадстаўнік беларускай дыяспары ў Расіі.
Да ліку паспяховых за мяжой беларусаў спадар Чайчыц аднёс журналіста Яўгена Марозава, прадпрымальніка Гары Вайнерчука, бізнесоўца Руслана Когана.
Па словах галандскай прадпрымальніцы Марыі Чараковай, якая нарадзілася ў Беларусі і з'ехала ў Галандыю ва ўзросце 8-ці год, старт сувязей з Беларуссю для моладзі, якая вырасла за мяжой, можа даць валанцёрства ў роднай краіне ці праходжанне моўных курсаў (рускай ці беларускай мовы), альбо нават удзел у моладзевым летніку. Зыходзячы з уласнага досведу, сацыяльная прадпрымальніца заўважыла, што для маладога пакалення беларусаў, чые бацькі з'ехалі за мяжу і якія выраслі добра інтэграванымі ў замежнае грамадства і супольнасці, вельмі важным з'яўляецца адкрыць для сябе Беларусь.
Аўтарка кнігі "Гэта Беларусь, дзетка!", Марыя Чаракова прызналася, што ў галандскім грамадстве неаднаразова сутыкалася з адной і той жа праблемай - суразмоўцы ў сваёй большасці не ведалі, дзе знаходзіцца Беларусь. Для аднагодкаў невядомая краіна была шэрай зонай. Стаміўшыся тлумачыць, што "гэта краіна побач з Расіяй", прызнаецца Чаракова, яна аднойчы ўсвядоміла, што значна прасцей у такім выпадку адказаць: "Я руская". "Гэта сумна, зараз я ўжо такога не буду рабіць, але калі была падлеткам, такое здаралася", - распавяла яна, звярнуўшы ўвагу ўдзельнікаў дыскусіі на праблему стаўлення да вядомасці Беларусі. Па яе словах, большасць знаёмых галандцаў пыталася: "Беларусь? А дзе гэта?".
![]() |
Комікс з кнігі "Гэта Беларусь, дзетка!", выдадзенай у 2015 годзе |
![]() |
Марыя Чаракова (у цэнтры), сацыяльная прадпрымальніца (Нідэрланды) |
На думку Чараковай, каталізатарам узмацнення сувязей Беларусі са сваёй дыяспараў можа быць спрашчэнне ўмоў для вандровак у краіну, каб яны былі таннымі і простымі ў здзяйсненні для моладзі і старэйшага пакалення, а таксама спрыяльнасць умоў для навучання і для інвеставання ў Беларусь. Пакуль гэтыя пытанні знаходзяцца ў кампетэнцыі дзяржавы.
Удзельнікі дыскусіі выказалі свае прапановы па паляпшэнні супрацоўніцтва з прадстаўнікамі беларускай дыяспары дзеля развіцця Беларусі, пагадзіліся ў неабходнасці пашырэння дыялогу з дзяржавай у справе распрацоўкі стратэгіі развіцця дыяспары з улікам міжнароднага сучаснага досведу.