З 27 па 29 студзеня 2015 года прайшоў візіт дэлегацыі прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці ў Раду Еўропы. Сябры беларускіх НДА прысутнічалі на пасяджэнні зімовай сесіі ПАРЕ ў Страсбургу (Францыя). У візіце прынялі ўдзел прадстаўнікі "Офіса за дэмакратычную Беларусь" (Брусель), Беларускай Асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА, Ліберальнага клубу і інш. арганізацый. Беларусы абмеркавалі з еўрапейскімі калегамі ўдзел у міжнародных праграмах развіцця малых гарадоў, працу з моладдзю і іншыя пытанні.
Сярод цэнтральных тэмаў зімовай сесіі ПАРЕ паўстала абмеркаванне пытанняў бяспекі ў сувязі з тэрактамі ў Парыжы (Францыя) і трагічным нападам на рэдакцыю сатырычнага часопіса "Charlie Hebdo" (7.01. 2015), а таксама абмеркаванне сітуацыі ва Ўкраіне.
Большасцю галасоў Парламенцкая асамблея Рады Еўропы ўхваліла рэзалюцыю, прысвечаную гуманітарнай сітуацыі ва Ўкраіне і ўкраінскім перасяленцам. Дэпутаты ПАРЕ асудзілі ўтрыманне ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі ў Расіі і прынялі рашэнне аб надзяленні яе міжнародным імунітэтам як дэпутата і сябра пастаяннай дэлегацыі Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў ПАРЕ.
![]() |
Марк Фейгін (другі злева), адвакат украінкі Надзеі Саўчанкі |
Асобнай нормай рэзалюцыі дэпутаты заклікалі Расію вызваліць украінскую лётчыцу. Таксама па выніках галасавання 28 студзеня дэпутаты ПАРЕ часова пазбавілі дэлегацыю Расіі права голасу ў Радзе Еўропы. Такім чынам на гэтым паседжанні расійская дэлегацыя была выключана з кіроўчых органаў Асамблеі.
![]() |
Сяргей Нарышкін (трэці справа), спікер Дзяржаўнай Думы Расійскай Федэрацыі |
Прадстаўнікі беларускіх НДА наведалі Еўрапейскі моладзевы цэнтр Рады Еўропы. Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі пытанні сумеснай працы і будучых праектаў для маладых людзей з Беларусі. Перспектыўным для іх сёння з’яўляецца ўдзел у Еўрапейскім моладзевым форуме, у праграмах нефармальнай адукацыі і г.д.
![]() |
Вольга Стужынская (другая справа), дырэктар "Офіса за дэмакратычную Беларусь" |
Дарэчы, Еўрапейскі моладзевы цэнтр сёння зацікаўленны ў пашырэнні супрацоўніцтва з беларускімі арганізацыямі - вітаецца і заахвочваецца іх удзел у сумесных праектах і кампаніях. На сайце цэнтру можна знайсці прапановы, адкрытыя для беларусаў - у прыватнасці, у межах праекта "Enter!" (2013-2015 гг.), прысвечанага пытанням "сацыяльнай інклюзіі" моладзі. Гэты праект скіраваны на хуткую інтэграцыю маладых людзей у жыццё грамадства, прафілактыку моладзевай бяздомнасці, а таксама мае мэтай стварэнне партнёрскіх адносін з рэгіянальнымі і мясцовымі ўладамі. Праект уключае серыю трэнінгаў, прысвечаных рэалізацыі сацыяльных правоў моладзі і эфектыўнаму ўдзелу маладых людзей у сацыяльна-эканамічным жыцці.
Вітаецца ўдзел беларускіх НДА ў кампаніі "No Hate" - кампаніі супраць нянавісці, якая скіравана на барацьбу з любымі формамі дыскрымінацыі, неталерантнасці, ксенафобіі і экстрэмізму. Грамадская кампанія "No Hate" прапагандуе мірнае суіснаванне ў сучасным мульцікультурным грамадстве як адну з базавых еўрапейскіх каштоўнасцей.
Дарэчы, у гісторыка-культурнай галіне і сферы ўрбаністыкі беларускія малыя гарады сёння могуць удзельнічаць у міжнароднай праграме "COMUS" ("Community-led Urban Strategies in Historic Towns"). Праграма мае мэтай удзел мясцовых супольнасцей у стратэгіі развіцця малых гарадоў краіны і скіравана на захаванне культурна-гістарычнай спадчыны. "COMUS" ёсць часткай Праграмы культурніцкіх мерапрыемстваў Усходняга партнёрства – праграма адкрыта для Беларусі, Украіны, Малдовы, Грузіі, Арменіі і Азербайджана.
Нягледзячы на тое, што Беларусь не з’яўляецца сябрам Рады Еўропы, дзякуючы ратыфікацыі канвенцый у сферы культуры, спорту, барацьбы за карупцыяй і інш., прадстаўнікі беларускай супольнасці сёння маюць магчымасць удзелу ў міжнародным супрацоўніцтве і агульных праграмах. Адначасова ў Еўропе назіраецца рост цікавасці да працы з Беларуссю. Сярод сфераў, у якіх адкрываюцца магчымасці актыўнай супрацы, - рэформы мясцовага самакіравання, адукацыя, справы моладзі і культура.