“Усходняе партнёрства” як акно магчымасцей для Беларусі

Трэцяя штогадовая канферэнцыя BISS “Шлях Беларусі ў Еўропе” закрылася дыскусійнай секцыяй “Усходняе Партнёрства” як аснова для развіцця адносінаў паміж Беларуссю і ЕС”.Часовы павераны ў справах Еўрапейскага Саюза ў Беларусі Жан-Эрык Хольцапфель падкрэсліў, што “Усходняе партнёрства” не з’яўляецца антырасійскай ініцыятывай і не ставіць сваёй задачай еўрапеізаваць Беларусь. Дыпламат нагадаў, што з 2008 года для Беларусі адчынена вакно магчымасцей у адносінах з ЕС па 5 ключавых сферах супрацоўніцтва.

На погляд Аляксандра Стралкова з Інстытута Еўропы Расійскай Акадэміі навук (Масква), расійскія палітыкі і эксперты ўбачылі ва “Усходнім партнёрстве” пагрозу ўплыву Расіі на постсавецкай прасторы. Спадар Стралкоў мяркуе, што ў Расіі да гэтай пары няма дакладнага ўяўлення аб тым, як рэагаваць на актывізацыю знешняй палітыкі ЕС.Каментуючы прапанаваную беларускаму боку кампрамісную формулу ўдзелу ў парламенцкай асамблеі ЎП “ЕЎРАНЭСТ” – 5 дэпутатаў ПП НС + 5 прадстаўнікоў апазіцыі – Роланд Фройдэнштайн з Цэнтру еўрапейскіх даследаванняў (Брусель) падкрэсліў, што ён не бачыць іншых альтэрнатываў такой прапанове.

У адказ, загадчык кафедры міжнародных адносінаў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Сяргей Кізіма заявіў, што на самой справе не бачыць праблемы ў вырашэнні гэтага пытання. Ён адзначыў, што “калі ЕС крыўдна бачыць у Еўранэсце тых беларускіх дэпутатаў, якія перамаглі на сваіх выбарчых участках прадстаўнікоў апазіцыі, то можна запрасіць 10 парламентарыяў, на ўчастках якіх прадстаўнікі ад апазіцыі ў выбарах не ўдзельнічалі”.

Яўгеніюш Смоляр з Цэнтру міжнародных адносінаў (Варшава) нагадаў пра тое, што “ўраганныя” для ЕС тэмпы запуску праграмы УП сведчаць пра вялікую значнасць гэтага праекту для Еўропы.

Дырэктар "Офісу за дэмакратычную Беларусь" (Брусель) Вольга Стужынская адзначыла, што “Усходняе партнёрства” знаходзіцца на стадыі станаўлення і казаць пра яго ўплыў пакуль што зарана, аднак гэта праграма ўжо станоўчым чынам адбілася на статусе Беларусі як партнёра ў дыпламатычных адносінах.

Старшыня міжнароднага кансорцыуму “ЕўраБеларусь” Уладзіслаў Вялічка зазначыў, што за год працы ЎП вельмі шмат зрабіла для Беларусі і, ў прыватнасці, прыдало беларускім няўрадавым арганізацыям дадатковую матывацыю і актывізавала іх працу.

BISS