На запрашэнне “Офіса за дэмакратычную Беларусь” і славацкай фундацыі Pontis Брусель наведалі прадстаўнікі новага пакалення беларускіх палітыкаў: сустаршыні Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Аляксей Шэйн і Віталь Рымашэўскі, а таксама Алег Новікаў, лідэр партыі Беларускіх зялёных.
Згодна з праграмай візіту, адбыліся сустрэчы з прадстаўнікамі інстытуцый Еўразвязу, дыпламатычных місій еўрапейскіх краін, што месцяцца ў Бруселі, сябрамі праваабарончых арганізацый, а таксама прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Антверпене. Галоўнай мэтай візіту было наладжванне больш цесных кантактаў з партнёрскімі партыямі ў Еўропе.
У часе сустрэч закраналіся такія важныя тэмы, як перспектыва дыялогу паміж беларускімі ўладамі і ЕЗ, магчымыя сцэнары яго развіцця, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, у прыватнасці абмежаванне свабоды сумлення і ўзмоцненыя рэпрэсіі супраць рэлігійных груп. Таксама разглядалася пытанне пазбаўлення Беларусі гандлёвых прэферэнцый, прычыны, што прывялі да такога рашэння і магчымыя наступствы для эканомікі краіны.
Шмат пытанняў было зададзена беларускім лідэрам пра стан апазіцыі пасля ІІ Кангрэсу дэмакратычных сіл.
Маладыя беларускія палітыкі атрымалі магчымасць сустрэцца з адмысловым дакладчыкам ААН па Беларусі Адрыянам Севярынам, якраз на наступны пасля таго, як быў прэзентаваны яго даклад у Жэневе.
У часе сустрэч еўрапейскія парламентарыі выказвалі заклапочанасць адсутнасцю адзінства ў шэрагах апазіцыі і немагчымасцю скарыстацца з дасягнутага ў часе прэзідэнцкай кампаніі 2006 г. палітычнага капіталу.
Акрамя сустрэч, сябры беларускіх партый змаглі паўдзельнічаць у канферэнцыі “Беларусь і еўрапейская палітыка добрасуседства”, зарганізаванай стажорамі Еўрапейскай Камісіі 12 чэрвеня. Канферэнцыя сабрала вялікую колькасць людзей, зацікаўленых у беларускім пытанні. Сярод выступоўцаў быў былы віцэ-прэзідэнт Еўрапарламента, сябра дэлегацыі па дачыненнях з Беларуссю прафесар Януш Анушкевіч, намесніца старшыні аддзелу па дачыненнях з Украінай, Малдовай і Беларуссю з Генеральнага дырэктарата па знешняй палітыцы Еўракамісіі сп. Мадэлін Маёранка і Вольга Стужынская, якая ўзначальвае “Офіс за дэмакратычную Беларусь”.
“Офіс за дэмакратычную Беларусь выказвае падзяку фундацыі Pontis, а таксама ўраду Славакіі і пастаяннаму прадстаўніцтву гэтай краіны ў Бруселі за падтрымку ў арганізацыі паездкі.




