Рух “За свабоду” і “Офіс за дэмакратычную Беларусь” просяць міністраў краін ЕС знізіць кошты Шэнгенскіх віз

Рух “За Свабоду” і “Офіс за дэмакратычную Беларусь” (Брусель) накіравалі лісты ва ўсе краіны, што падпісалі Шэнгенскую дамову, з просьбай перагледзець палітыку ў дачыненні коштаў на візы для беларускіх грамадзян і працэдуру іх атрымання.

Звяртаючыся да міністраў замежных і ўнутраных спраў гэтых краін, а таксама да некаторых кіраўнікоў дзяржаў, лідэр Руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч і кіраўніца “Офісу за дэмакратычную Беларусь” Вольга Стужынская кажуць пра перашкоды, з якімі беларусы сутыкаюцца, калі спрабуюць атрымаць візы ў амбасадах краін ЕС пасля пашырэння Шэнгенскай зоны.  “Падвышэнне консульскага збору і ўскладненне працэдуры атрымання  выклікалі моцнае зніжэнне колькасці выдадзеных беларускім грамадзянам Шэнгенскіх віз”,  – гаворыцца ў лісце.   “Такая сітуацыя спараджае пачуццё ізаляцыі і пагаршае імідж ЕС сярод беларусаў. Цяперашняя візавая палітыка, – пішуць аўтары ліста, – супярэчыць намеру Еўрасаюза пашырыць кантакты з беларускім грамадствам і дапамагае тым сілам, якія сцвярджаюць, што ЕС “няма ніякай справы да Беларусі”.

Рух “За Свабоду” і “Офіс за дэмакратычную Беларусь” вераць, што палітыка краін-сяброў ЕС у візавым пытанні дачынна Беларусі стане адным з важных фактараў  для будучыні краіны і нашага народу. Так, у супольным звароце спадар Мілінкевіч і спадарыня Стужынская просяць падтрымаць прапанову вышаградскай групы знізіць кошт Шэнгенскай візы ў аднабаковым парадку. Аўтары звароту таксама выражаюць спадзяванне, што візавае пытанне атрымае належную ўвагу падчас будучага прэзідэнцтва Чэхіі ў Еўрасаюзе, што ў выніку прывядзе да спрашчэння працэдуры атрымання Шэнгенскіх віз грамадзянамі Беларусі.