Навуковая канферэнцыя “Трансфармаванне Беларусі: шляхі дасягнення”


7 снежня 2011 г. у Бруселі пройдзе экспертная канферэнцыя пад назвай “Трансфармаванне Беларусі: шляхі дасягнення”, арганізаваная супольнымі намаганнямі навуковага цэнтру “Карнэгі Еўропа”, “Офісу за дэмакратычную Беларусь” і Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў.

Удзельнікі форуму абмяркуюць палітыку Еўрасаюзу ў дачыненні да Беларусі ў святле апошніх падзей у краіне. Еўракамісар па пытаннях пашырэння і Еўрапейскай палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле прапануе сваё бачанне цяперашняй стратэгіі ЕС і прааналізуе яе перспектывы на поспех.
 
Падчас двух панелей вядомыя беларускія і еўрапейскія эксперты, уключаючы дырэктара Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтру Паўла Данэйку, старэйшага навуковага супрацоўніка Фінскага інстытута міжнародных адносін Аркадзія Мошэса, Акадэмічнага дырэктара Беларускга інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксея Пікуліка, старэйшага даследчыка БІССа Дзяніса Мельянцова, дырэкатара даследчага цэнтру ІПМ Аляксандра Чубрыка і эксперта ў эканамічных пытанняў Зміцера Крука, а таксама дырэктара сацыялагічнай лабараторыі НОВАК  Андрэя Вардамацкага, абмяркуюць палітычную і эканамічную сітуацыю ў Беларусі і яе ўзаемаадносіны з Расіяй і ЕС.

Перад краінай паўстаў гістарычны выбар, які вызначыць шлях для будучых пераўтварэнняў. Беларусь можа зрабіцца часткай Пуцінскага “Еўраазійскага саюзу” альбо даць шанец сабе і свайму народу пайсці па шляху інтэграцыі з ЕС. Пакуль што Беларусі ўдавалася ўтрымлівацца ад адназначнага выбару, але наколькі і надалей рэспубліка зможа захоўваць адносны геапалітычны нейтралітэт?

Увесну 2011 г. Беларусь напаткаў сур’ёзны эканамічны крызіс, справакаваны адмоўным сальда гандлёвага балансу, падзеннем даверу да нацыянальнай валюты і зніжэннем вонкавых субсідый, што падарвала шырока разгалінаваныя сацыяльныя праграмы і беларускую камандна-адміністрацыйную мадэль эканомікі.
Якім можа быць выйсце з крызісу? Якая стратэгія развіцця або праграма рэформ магчыма ў цяперашнім палітычным клімаце? Якую функцыянальную мадэль Беларусь хацела б атрымаць па выніках эканамічных пераўтварэнняў? Якім чынам дзяржава зможа мінімізаваць для насельніцтва непазбежныя першапачатковыя страты ад гэтых рэформ, і як папярэдзіць злоўжыванні сярод тых, хто першым атрымае выгоды ад рэфармавання.


На гэтыя ды іншыя пытанні паспрабуюць адказаць эксперты.
Паглядзець праграму мерапрыемства (па-ангельску)

Кантактны тэлефон: + 32483469614

Паважаныя калегі, калі ласка, тэлефануйце падчас перапынку альбо пасля заканчэння канферэнцыі.

ОДБ