15 верасня міжнародная кааліцыя “За Еўрапейскі кантынент без візавых межаў” заклікала лідэраў Еўрапейскага саюзу і краін “Усходняга партнёрства” (УП) пацвердзіць свой намер усталяваць бязвізавы рэжым паміж ЕС і краінамі УП. Сябры кааліцыі лічаць, што візавая лібералізацыя стане “перамогай для ўсіх бакоў”.
Так, шляхам правядзення рэформаў у галінах памежнай бяспекі, паліцэйскага супрацоўніцтва і абмену інфармацыяй краіны “Усходняга партнёрства” змогуць умацаваць агульную бяспеку, а таксама дасягнуць высокага ўзроўню даверу ў дачыненнях з ЕС па супрацоўніцтве ў барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, гандлем людзьмі альбо нелегальнай міграцыяй.
“Бязвізавыя падарожжы для грамадзян краін УП адчыняць шырокія эканамічныя перспектывы і для для еўрапейскага бізнесу і турыстычнай індустрыі. Больш за тое, бязвізавы рэжым стане моцным стымулам для правядзення рэформаў у краінах УП”, – гаворыцца ў заяве кааліцыі.
Сябры кааліцыі таксама заклікалі кіраўніцтва Польшы, якая зараз з’яўляецца старшынёй у Радзе Міністраў ЕС, зрабіць неабходныя захады дзеля паскарэння працэсу візавай лібералізацыі краін УП. Па іх словах, неабходна як мага хутчэй перайсці да наступнага этапу Плана дзеянняў для Украіны і Малдовы, пачаць рэалізацыю адпаведнага плана для Грузіі, а ў выпадку Беларусі, Азербайджана і Арменіі падпісанне Дамоваў па спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі павінна зрабіцца прыярытэтам.
Неабходна паскорыць таксама выкананне нормаў і палажэнняў, якія прадугледжаны ўжо існуючымі Дамовамі па спрашчэнні візавага рэжыму (СВР) і Візавым кодэксам. Дамовы па СВР з’яўляюцца першым крокам ў напрамку адмены візавых абмежаванняў, але дагэтуль не змаглі кампенсаваць адмоўныя вынікі апошняга пашырэння Шэнгенскай зоны. “Нягледзячы на спадзяванні, гэтыя дамовы пакуль не сталі эфектыўным інструментам палягчэння сітуацыі і не малі значнага ўплыву на візавыя працэдуры”, – адзначаюць эксперты.
Чытаць тэкст заявы цалкам (па-ангельску)
Кааліцыя “За Еўрапейскі кантынет без візавых межаў” была заснавана ў Варшаве, 26 лістапада 2010 г. па ініцыятыве Фундацыі Стэфана Баторыя. Сёння яе сябры больш за 30 грамадскіх арганізацый з розных куткоў Еўропы, у тым ліку і "Офіс за дэмакратычную Беларусь".
Кааліцыя прыкладае агульныя намаганні ў паскарэнні працэсу адмены візавага рэжыму паміж ЕС і краінамі “Усходняга партнёрства” (Азербайджанам, Арменіяй, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай і Украінай).
Даведацца пра кааліцыю больш:
Міжнародная кааліцыя “За Еўрапейскі кантынет без візавых межаў” звярнулася да кіраўнікоў краін ЕС і “Усходняга партнёрства”
аўт, 2011-09-20 13:02