4 кастрычніка ў Эстоніі, якая старшынствуе ў Радзе Еўрапейскага Саюза, адбылася канферэнцыя па развіцці электронных сістэм дзяржаўнага кіравання і павышэнні кібернетычнай бяспекі ў краінах, якія з’яўляюцца ўсходнімі партнёрамі ЕС. Пасля гэтай падзеі адбудзецца Другая сустрэча міністраў краін Усходняга партнёрства па лічбавай эканоміцы (5-га кастрычніка) і Канферэнцыя міністраў краін ЕС па электронным кіраванні (6-га кастрычніка).
На канферэнцыі “Электроннае партнеёрства” ў Таліне збярэцца звыш 150 экспертаў і прадстаўнікоў органаў улады з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы, Украіны, а таксама дзяржаў ЕС. Удзельнікі абмяркуюць выкарыстанне краінамі Усходняга партнёрства інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій для павышэння празрыстасці ў працэсах дзяржкіравання. Канферэнцыя таксама стане нагодай для ацэнкі бяспекі кібернетычнай прасторы рэгіёна і абмену ідэямі для паляпшэння сітуацыі.
У рамках мерапрыемства Эстонскай акадэміяй э-кіравання будзе прадстаўлена новае даследаванне электроннай дэмакратыі, якое грунтуецца на вывучэнні сітуацыі на месцах ва ўсіх шасці краінах-партнёрах. Падчас прэзентацыі будзе весціся жывая трансляцыя на старонцы.
Віцэ-прэзідэнт па адзіным лічбавым рынку, Андрус Ансіп, які ў Таліне будзе прадстаўляць Еўракамісію, напярэдадні падзеі заявіў: “ЕС працягвае шчыльнае супрацоўніцтва ў галіне лічбавых тэхналогій са сваімі ўсходнімі партнёрамі, надаючы асаблівую ўвагу спрыянню распаўсюджвання высакахуткаснага шырокапалоснага інтэрнэту для развіцця эканомікі і пашырэння электронных паслуг, стварэння працоўных месцаў у галіне лічбавых тэхналогій і памяншэння тарыфаў роўмінгу паміж усходнімі партнёрамі. Выкарыстанне лічбавых рашэнняў павышаюць эфектыўнасць і празрыстасць кіравання і прыносяць выгады насельніцтву”.
Другая сустрэча міністраў краін Усходняга партнёрства па лічбавай эканоміцы пройдзе таксама ў Таліне назаўтра, 5 кастрычніка 2017 г. Падчас сустрэчы міністры складуць праект дэкларацыі па лічбавай эканоміцы паміж ЕС і шасцю краінамі Усходняга партнёрства. Чакаецца, што паводле дэкларацыі бакі возьмуць на сябе абавязацельствы па паглыбленні супрацоўніцтва па шасці прыярытэтных накірунках: электронная камунікацыя і інфраструктура, давер і бяспека, электронны гандаль, лічбавыя навыкі, інавацыі ў сферы ІКТ, стартапы і электронная медыцына.
Нарэшце, 6 кастрычніка 2017 года, у Таліне адбудзецца Канферэнцыя міністраў краін ЕС па электронным кіраванні. Міністры ЕС і ЕАСГ абмяркуюць далейшыя меры для забеспячэння паспяховых лічбавых пераўтварэнняў у кіраванні і ход мадэрнізацыі дзяржаўнага кіравання ў Еўропе на шляху да надзейнага, сэрвіс- арыентаванага і інавацыйнага кіравання на ўсіх узроўнях для дынамічнага і прадуктыўнага еўрапейскага грамадства і адзінага лічбавага рынку.
Для даведкі:
Канферэнцыю “Электроннае партнёрства” ладзіць Эстонскі цэнтр Усходняга партнёрства (ЭЦУсП) і Акадэмія э-кіравання (АЭК) супольна з Еўрапейскай Камісіяй і МЗС Эстоніі.
Мерапрыемствы 4-га і 5-га кастрычніка адбываюцца ў рамках цыклу падзей, якія арганізуюцца напярэдадні V Саміта Усходняга партнёрства, які пройдзе ў Бруселі 24 лістапада. У праект “EaP Connect”, накіраваны на развіццё высакахуткасных каналаў лічбавай сувязі паміж шасцю краінамі-партнёрамі, ЕС інвеставана 13 мільёнаў еўра. Перыяд ажыццяўлення праекту – 2015-2020 гг.