Брыфінг беларускіх экспертаў па сітуацыі ў краіне для прадстаўнікоў Камітэта па палітыцы і бяспецы Рады ЕС, Працоўнай групы па Ўсходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі і іншых зацікаўленых бакоў.
Учора, 2 сакавіка, у пастаянным прадстаўніцтве Славацкай Рэспублікі ў Еўрасаюзе пры падтрымцы “Офіса за дэмакратычную Беларусь” і фундацыі Понціс (Браціслава) прайшоў брыфінг беларускіх экспертаў.
“Змены, што адбыліся ў Беларусі, з’яўляюцца касметычнымі, а нязначны прагрэс невеляваны фактамі новых рэпрэсій. Тым не менш, згортванне дыялогу з Беларуссю было б найгоршым варыянтам для будучыні дэмакратыі ў краіне і для адносін паміж Беларуссю і Еўрасаюзам,”– прагучаў асноўны тэзіс выступленняў.
Удзельнікі дыскусіі адзначалі, што пераўтварэнні ў Беларусі носяць паверхневы характар, далёкі ад сапраўднай лібералізацыі, бо зварот улад на Захад абумоўлены найперш неабходнасцю самазахавання і прыцягнення ў эканоміку новых рэсурсаў і інвестыцый.
Тым не менш, адзначалі выступоўцы, развіццё адносін паміж ЕС і Беларуссю апошнім часам паспрыяла пэўнаму сціпламу пашырэнню прасторы для дзейнасці прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і сродкаў масавай інфармацыі.
Эксперты, прадстаўленыя дырэктарам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Віталём Сіліцкім, старшынёй Беларускай асацыяцыі журналістаў Жаннай Літвіной і незалежным журналістам Аляксандрам Тамковічам, заклікалі Раду ЕС працягнуць прыпыненне дзеяння санкцый яшчэ на паўгады.
Аналітыкі мяркуюць, што за гэты перыяд, ЕС мог бы прапанаваць Беларусі рэалістычныя і дакладна акрэсленыя ўмовы далейшага развіцця супрацоўніцтва. Са свайго боку, беларускія ўлады атрымалі б магчымасць ацаніць і ўзважыць наступствы, што пацягне скасаванне дыялогу з Еўрасаюзам у часе эканамічнага і фінансавага крызісу.
Па заканчэнні дыскусіі была зладжана прэзентацыя трох кніг журналіста Аляксандра Тамковіча “Будзіцелі”, “Жанчыны” і “Асобы”, пасля чаго беларускія ўдзельнікі сустрэчы напісалі дыктоўку на тэкст Уладзіміра Караткевіча “Родная мова”, ініцыятарамі якой выступілі старшыня Славацкай місіі ў Бруселі Любамір Рэгак, беларускі філосаф, журналіст і пісьменнік Уладзімір Падгол і “Офіс за дэмакратычную Беларусь”.