3 – 7 лістапада на запрашэнне “Офісу за дэмакратычную Беларусь” (Брусель, Бельгія) і Фонда развіцця прававых тэхналогій (Украіна), група беларускіх эколагаў наведала Брусель, каб узяць удзел у адукацыйнай праграме “Палітыка ЕС у галіне аховы навакольнага асяроддзя: дзелімся досведам з Беларуссю”.
У рамках курсу дэлегаты з Беларусі змаглі азнаёміцца з работай інстытутаў Еўрасаюза і сустрэцца з экспертамі ЕС, якія займаюцца экалагічнай праблематыкай і Беларуссю. У часе візіту былі арганізаваны сустрэчы па тэмах: сельская гаспадарка, энергетычная і ядзерная бяспека.
Беларуская дэлегацыя, якая складалася з прадстаўнікоў розных сектараў, што маюць дачыненне да экалагічнай праблематыкі, атрымала магчымасць даведацца, якім чынам экалагічныя пытанні вырашаюцца ў ЕС, і як досвед Еўрасаюза, і асабліва новых яго сяброў, можа быць скарыстаны ў Беларусі.
Беларускія эксперты ў сваю чаргу заклікалі Еўракамісію здзяйсняць больш праектаў у супрацоўніцтве і для Беларусі, падкрэсліваючы, што такая дапамога неабходна нашай краіне.
Гэты візіт з’яўляецца часткай праекта, арганізаванага “Офісам за дэмакратычную Беларусь” і Фондам развіцця прававых тэхналогій для беларускіх экспертаў.
Тэматыка наступных паездак уключае транспарт і транзіт, энергетыку і энергазберагальныя тэхналогіі, навуку і адукацыю. Удзельнікі візітаў абіраюцца на конкурснай аснове.
Анкету для ўдзелу можна знайсці тут.
Арганізатары вітаюць удзел прадстаўнікоў як грамадзянскай супольнасці, так і дзяржаўнага сектара!
Дадатковая інфармацыя па праекце, у тым ліку і тэматычныя матэрыялы, неўзабаве з’явяцца на нашым сайце.