Палітыка ЕС у галіне энергетыкі: дзелімся досведам. Другі візіт беларускіх экспертаў

З 29 сакавіка па 2 красавіка на запрашэнне “Офісу за дэмакратычную Беларусь” (Брусель, Бельгія) і Фонда Развіцця Прававых тэхналогій (Украіна) група беларускіх экспертаў па энергетычных пытаннях наведала Брусель. Дэлегацыя, якая складалася з прадстаўнікоў дзяржаўнага і грамадзянскага сектару, прадпрымальнікаў і журналістаў,  паўдзельнічала ў адукацыйным візіце “Энергетычная палітыка ЕС: дзелімся досведам з Беларуссю”.

У межах трэнінгу беларускія дэлегаты пазнаёміліся з работай еўраінстытуцый і сустрэліся з экспертамі Рады ЕС і Еўракамісіі, якія займаюцца энергетычнай палітыкай і працуюць па нашым рэгіёне. Эксперты ЕС падкрэслілі, што энергетыка з’яўляецца прыярытэтнай сферай для супрацоўніцтва паміж Еўрасаюзам і Беларуссю, а наша краіна лічыцца вельмі важным партнёрам у гэтай галіне. Было патлумачана, што  галоўнымі пытаннямі тут з’яўляюцца транзіт газу і нафты праз Беларусь, захоўванне стандартаў бяспекі ў сувязі з пабудовай АЭС і развіццё альтэрнатыўных крыніц энергіі. Беларускія ж эксперты ў працэсе азнаямлення з энергетычнай палітыкай ЕС вызначыліся, якім чынам досвед так званых дзяржаў новай Еўропы можа быць выкарыстаны ў Беларусі. Было высветлена, што для нашай краіны было б карысна атрымаць еўрапейскую экспертызу ў ядзерным сектары, павышэнні энергаэфектыўнасці і пашырэнні выкарыстання альтэрнатыўных крыніц энергіі.

У адказ на заклік да Еўрапейскай камісіі здзяйсняць больш праектаў у Беларусі, эксперты пачулі, што памеры і тэмпы супрацоўніцтва шмат у чым будуць залежыць ад развіцця палітычнай сітуацыі ў краіне. Еўрапейскія эксперты выказалі спадзяванне, што Беларусь возьме актыўны ўдзел у ініцыятыве Усходняга партнёрства, якое сярод іншага прадугледжвае платформу для ўзаемадзеяння ў энергетычнай сферы.

Візіт беларускіх экспертаў у Брусель – частка сумеснага праекту “Офісу за дэмакратычную Беларусь” і Фонда Развіцця Прававых Тэхналогій, што ажыццяўляецца пры падтрымцы Шведскага міжнароднага агенцтва па развіцці супрацоўніцтва (SIDA).

Тэмамі наступных трэнінгаў будуць транспарт і транзіт, навука і адукацыя. Адбор удзельнікаў адбываецца на конкурснай аснове. Арганізатары вітаюць удзел у праграме прадстаўнікоў як грамадскага, так і дзяржаўнага сектару.