Круглы стол "Палітыка Еўрапейскага Саюзу і Беларусі ў галіне энергетыкі: дзелімся досведам” прайшоў у Мінску

8 і 9 чэрвеня ў Мінску адбыўся круглы стол пад назвай “Палітыка Еўрапейскага Саюзу і Беларусі ў галіне  энергетыкі: дзелімся досведам”, які быў арганізаваны Прадстаўніцтвам Еўрапейскай камісіі пры спрыянні Амбасады Швецыі, “Офісу за дэмакратычную Беларусь” (Брусель), Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў і Фонду развіцця прававых тэхналогій (Украіна).

На працягу двух дзён прадстаўнікі структур ЕС, чыноўнікі Міністэрства энергетыкі Беларусі, супрацоўнікі Акадэміі Навук Беларусі і незалежныя эксперты абмяркоўвалі магчымасці супрацоўніцтва ў галіне энергетыкі паміж Беларуссю і ЕС, праблемы развіцця альтэрнатыўных крыніц энергіі і мадэрнізацыі энергетычнай прамысловасці Беларусі. Узровень зацікаўлення гэтай праблематыкай, прадэманстраваны падчас дыскусій, дазваляе меркаваць пра неабходнасць рэгулярнага правядзення такога кшталту форумаў, якія б збіралі прадстаўнікоў ураду і незалежных экспертаў.

Канферэнцыя для беларускіх экспертаў у Мінску – працяг сумеснага праекту “Офісу за дэмакратычную Беларусь” і Фонда Развіцця Прававых Тэхналогій, што ажыццяўляецца пры падтрымцы Шведскага міжнароднага агенцтва па развіцці супрацоўніцтва (SIDA).