Аб'явы

Фатографы - прафесіяналы і аматары, - жадаючыя распавесці пра мясцовыя эканамічныя і сацыяльныя праблемы, могуць прыняць удзел у фотаконкурсе Сусветнага банку.

Конкурс "#EachDayISee" у Instagram скіраваны на прыцягненне ўвагі да праблемаў, якія паўсталі перад мясцовымі супольнасцямі ва ўсім свеце.

У фотаконкурсе прымуць удзел фотаздымкі з хэштэгам #EachDayISee, якія будуць размешчаны ў Інстаграме да 13 лютага 2015 года.

Аб'яднанне студэнцкіх асацыяцый "GFPS-Polska" прапануе стыпендыі для беларускіх студэнтаў для навучання падчас зімовага семестра (кастрычнік 2015 - люты 2016). Два адабраныя кандыдаты атрымаюць магчымасць навуковага стажу ў любым з універсітэтаў Польшчы і ўдзелу ў міжнародных праектах.

Прыём заявак ажыццяўляецца да 31 сакавіка 2015 года.

 

Беларускае грамадскае аб’яднанне "Экадом" сумесна з нямецкай моладзевай арганізацыяй "BUNDjugend" ладзіць міжнародны абмен па тэме сельскай гаспадаркі і энергетыкі.

У межах праекту абмену адбудуцца сустрэчы ў Беларусі і Германіі: 6-17 красавіка - у Мінскім раёне, 22-31 ліпеня - у федэральных землях Берлін і Брандэнбург.

Тэмы адукацыйнай праграмы - наяўнасць рэсурсаў для энергетыкі і сельскай гаспадаркі, інтэнсіўная здабыча прыродных рэсурсаў і пабочныя эфекты.

Школа фотарэпарцёра пры "Студыі карысных кампетэнцый" у Гародні прапануе атрымаць дадатковую адукацыю ў галіне рэпартажнай і дакументальнай фатаграфіі.

Выпускнікі атрымаюць неабходныя веды і навыкі для творчага і прафесійнага развіцця, працы ў медыя.

Праграма курсу ўключае наступныя тэмы: асновы сучаснага рэпартажу, этыка, аналіз інфармацыі, пошук актуальных тэмаў, навыкі візуальнага аповеду, праектнае мысленне, падрыхтоўка да здымачнага працэсу (збор інфармацыі, планаванне, усталяванне кантактаў), адбор і рэдагаванне матэрыялу, будаванне фотагісторыі.

Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА прапануе прыняць удзел у доўгатэрміновым валанцёрскім праекце ў Швецыі.

Праект будзе ажыццяўляцца на працягу 12 месяцаў у Стакгольме ў межах праграмы Еўразвязу "Erasmus +" і працы Еўрапейскай валанцёрскай службы. Пачатак праекту - 1 сакавіка 2015 года.

У абавязкі валанцёра войдуць: напісанне праектаў, скіраваных на ўмацаванне супрацоўніцтва моладзевых арганізацыяў Беларусі і Швецыі, арганізацыя мерапрыемстваў і праца з дакументамі і г.д.

Прымаючая арганізацыя ў Швецыі - няўрадавая асацыяцыя "Framtidståget".

Школа маладых менеджэраў публічнага адміністравання "SYMPA" праводзіць набор слухачоў. Праграма скіравана на фарміраванне супольнасці маладых людзей, кампетэнтных у сферы дзяржкіравання.

Навучэнцы атрымаюць веды ў галіне інстытутаў Еўразвязу, паліталогіі, эканомікі, рэгіянальнага развіцця, мясцовага самакіравання, прыватна-дзяржаўнага партнёрства, электроннага кіравання, працы са сродкамі масавай інфармацыі і грамадскім меркаваннем.

Праграма складаецца з чатырох навучальных сесій, якія будуць праходзіць у Беларусі, Літве, Грузіі і Швецыі.

Слухачы курса атрымаюць сертыфікат па дзяржкіраванні ад Шведскага інстытута.

Працоўныя мовы навучання - беларуская, руская, ангельская.

Эстонскі інстытут прапануе замежным студэнтам прыняць удзел у летніх курсах эстонскай мовы і культуры, якія ладзяць Талінскі ўніверсітэт (13-31 ліпеня 2015) і Тартускі ўніверсітэт (27 ліпеня - 7 жніўня 2015). Курсы бясплатныя, арганізатары забяспечваюць пражыванне ў гатэлі. Выдаткі на падарожжа ў Эстонію і харчаванне студэнты пакрываюць самастойна.

Навучанне ажыццяўляецца на ангельскай мове.

Для ўдзелу ў курсах неабходна да 2 сакавіка 2015 года падаць анлайн-заяўку і матывацыйны ліст з апісаннем акадэмічнага інтарэсу да Эстоніі.

Альянс цывілізацый ААН сумесна з міжнародным адукацыйным цэнтрам "EF Education First" запрашаюць моладзевых лідараў у летнюю школу "UNAOC-EF Summer School" у Нью-Ёрку.

У школу будуць адабраныя 75 кандыдатаў, якія на працягу тыдня прымуць удзел у семінарах, круглых сталах і дыскусіях, прысвечаных суветным праблемам у сферы культуры і рэлігіі.

Фундацыя "Thomson Reuters" (пры падтрымцы кампаніі "Microsoft") прымае працы на конкурс "Trust Women Photo Award", прысвечаны выдатным жанчынам, якія бяруць ініцыятыву ў свае рукі і садзейнічаюць паляпшэнню жыцця ўласных сямей, супольнасцей і грамадства ў цэлым.

Удзельнікі фотаконкурсу мусяць даслаць адзін фотаздымак на тэму "Гэта здарылася, дзякуючы жанчынам" ("Women Make It Happen"). Дзевяць фіналістаў конкурсу атрымаюць смартфоны Microsoft Lumia 930 і маюць з іх дапамогай зрабіць дадатковыя фатаграфіі. Лепшы фотаздымак будзе дэманстравацца на канферэнцыі "Trust Women" у Лондане.

Распачаты прыём заявак на 5-ты Конкурс сацыяльных праектаў "Social Weekend". Мэта конкурсу - фінансавая падтрымка ідэй і праектаў, якія вырашаюць сацыяльна значныя праблемы. Заяўкі рэгіструюцца на сайце конкурсу да 1 сакавіка 2015 года. На дадзены момант спонсарская дапамога конкурсу складае 170 млн. беларускіх рублёў.

Сацыяльнае галасаванне за ідэі і праекты пройдзе з 5 па 10 сакавіка на платформе StartIdea. Сустрэчы з экспертамі адбудуцца ў офісе TUT.BY 15-16 сакавіка. Фінальнае мерапрыемства конкурсу запланавана на 21 сакавіка 2015 года.

Старонкі