Жывая бібліятэка: Сустрэча з іншым (Мінск)
24 верасня 2016 года ў Мінску пройдзе сустрэча ў фармаце "Жывой бібліятэкі".
Фармат "Жывой бібліятэкі" (Human Library) дазваляе ўдзельнікам сустрэчы пазбавіцца сацыяльных стэрэатыпаў і дае магчымасць заўважыць рэчы, якія дагэтуль былі нябачнымі. У "Жывой бібліятэцы" людзі з асабістымі гісторыямі выступаюць у ролі "Кніг" для таго, каб адказаць на пытанні гасцей сустрэчы - "Чытачоў". Чалавек-"Кніга" можа належыць да пэўнай стыгматызаванай сацыяльнай групы, мець унікальную прафесію, асаблівы светапогляд, прадстаўляць спецыфічную субкультуры ці мець веравызванне, нязвыклае для большасці. "Жывая бібліятэка" падобна на сапраўдную бібліятэку: Вы прыходзіце, атрымліваеце картку "Чытача", запісваеце ў "Бібліятэкара" "Кніжку", якую хочаце пачытаць, і пачынаеце "чытанне" падчас сумеснай сесіі.
Сустрэча пройдзе з 13 да 18 гадзін па адрасе: Мінск, пр. Дзяржынскага, 57, Галерэя ТUT.BY.
"Іншы - гэта адна з цэнтральных катэгорый сучаснай філасофіі, якая выйшла за акадэмічныя межы і сёння з’яўляецца адным з падмуркаў еўрапейскай культуры. Разуменне і прыняцце Іншага - гэта не толькі этычныя ўстаноўкі, звязаныя з рэалізацыяй правоў чалавека. Праз сустрэчу з Іншым мы разумеем свет, разумеем культуры і каштоўнасці, а найперш разумеем сябе. Іншы неабходны для мыслення. Каб узнікла ідэя, каб сфармуляваць праблему, каб крытычна аднесціся да любой з’явы, каб не быць спакушаным відавочнасцю і стэрэатыпамі важна бачыць не тое, што падобна на цябе, а іншае. Іншую думку, іншы лад жыцця, іншы спосаб мыслення і карціну свету. Пра ўсё гэта можна даведацца з кніжак, праз фільмы ці неяк інакш. Але галоўным носьбітам ўсіх гэтых іншых сусветаў - ёсць чалавек, асоба. Сустрэча з іншым - гэта магчымасць праз незразумеласць пашырыць свае асабістыя межы. Сустрэча з іншым - гэта тое, што чакае вас на сустрэчы ў фармаце "Жывой бібліятэкі"".
Па пытаннях удзелу і валанцёрства, калі ласка, лістуйце на электронную скрыню: [email protected].
Сустрэча пройдзе ў межах Тыдня беларускага мыслення.