Жывая бібліятэка: Сустрэча ў Мінску

30 студзеня 2016 года ў Мінску пройдзе сустрэча ў фармаце "Жывой бібліятэкі". Мерапрыемства ладзяць моладзевая прафсаюзная група "Студэнцкая рада" і грамадскае аб'яднанне "Маладыя сацыял-дэмакраты - Маладая Грамада". Фармат "Жывой бібліятэкі" (Human Library) дазваляе ўдзельнікам сустрэчы пазбавіцца сацыяльных стэрэатыпаў і дае магчымасць заўважыць рэчы, якія дагэтуль былі нябачнымі. У "Жывой бібліятэцы" людзі з асабістымі гісторыямі выступаюць у ролі "Кніг" для таго, каб адказаць на пытанні гасцей сустрэчы - "Чытачоў". Чалавек-"Кніга" можа належыць да пэўнай стыгматызаванай сацыяльнай групы, мець унікальную прафесію, асаблівы светапогляд, прадстаўляць спецыфічную субкультуры ці мець веравызванне, нязвыклае для большасці. "Жывая бібліятэка" падобна на сапраўдную бібліятэку: Вы прыходзіце, атрымліваеце картку "Чытача", запісваеце ў "Бібліятэкара" "Кніжку", якую хочаце пачытаць, і пачынаеце "чытанне" падчас сумеснай сесіі.

Сустрэча ладзіцца з 13 да 17 гадзін па адрасе: Мінск, вул. Старавіленская, 6, кнігарня "Галіяфы".

Калі Вы жадаеце стаць валанцёрам "Жывой бібліятэкі", дапамагчы з пошукам "Кніг" ці Вы самі "Кніга", калі ласка, лістуйце на е-мэйл: [email protected].