Выставы: Славутыя дзеячы Беларусі і Беларусь 1914–1918. Вайна і мір
13 верасня а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі РБ (вул. Карла Маркса, 12) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы “Славутыя дзеячы Беларусі” у рамках міжнароднай акцыі Савета Еўропы “Дні еўрапейскай спадчыны” і Года малой радзімы. 14 верасня ў 16.00 у дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея РБ адбудзецца адкрыццё выставы “Беларусь 1914–1918. Вайна і мір”, арганізаванай у межах аўтарскага праекта вядомага даследчыка Першай сусветнай вайны і прыватнага калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава “У пошуках страчанага”.
Выставачны праект “Славутыя дзеячы Беларусі” рэалізаваны Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь сумесна з Беларускім таварыствам дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі і Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Выстава складаецца з партрэтаў выбітных беларускіх дзеячаў з калекцыі графікі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь – серыі каляровых літаграфій мастакоў Ліялі і Валянціна Варэцы. Сярод іх – Францыск Скарына, Еўфрасіння Полацкая, Мікола Гусоўскі, Сымон Будны, Астафій Валовіч, Канстанцін Астрожскі, Леў Сапега, Сімяон Полацкі, Паўлюк Багрым і іншыя. Выдадзены каталога выставы, у якім размешчаны тэкставыя і фотаматэрыялы.
Тэма захавання памяці аб выдатных суайчынніках з’яўляецца вельмі актуальнай. Беларусь – радзіма мноства вядомых дзяржаўных і ваенных дзеячаў, дыпламатаў, навукоўцаў, дзеячаў культуры, спартсменаў, якая стварыла глебу для іх росквіту. Удзячнымі нашчадкамі праводзіцца вялікая праца па адраджэнні памяці пра легендарных беларусах і рэалізуюцца шматлікія праграмы па рэпрэзентацыі іх спадчыны, у тым ліку праз фарміраванне тэматычных музейных калекцый і ўвекавечанне памяці гістарычных фігур сродкамі мастацва.
Выстава “Беларусь 1914–1918. Вайна і мір”. У лістападзе 2018 г. свет будзе адзначаць стагоддзе з дня заканчэння аднаго з самых крывавых узброеных канфліктаў у гісторыі чалавецтва – Першай сусветнай вайны. Сучаснікі называлі яе Вялікай вайной і спадзяваліся, што гэта будзе “вайна, якая пакладзе канец усім войнам”. Горкі досвед тых суровых гадоў даў людзям шэраг урокаў, і памятаць яго важна нават праз сто год – асабліва на фоне палітычных, сацыяльных і эканамічных канфліктаў, якія ахапілі сучасны свет.
Выстава “Беларусь 1914–1918. Вайна і мір” пройдзе ў абсалютна новым для Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь фармаце. Замест звыклых музейных залаў часовая экспазіцыя размясціцца ў старадаўнім будынку былых стайняў Мінскага аддзялення Дзяржаўнага банка Расійскай імперыі, якія знаходзяцца ў музейным дворыку. Старая цэгла гэтых сцен нагадае аб фартэцах і ўмацаваннях Першай сусветнай вайны, перанясе наведвальнікаў з сучаснага цэнтра Мінска ў тую эпоху.
На выставе будуць прадстаўлены эксклюзіўныя фотаматэрыялы з прыватнай калекцыі У.А. Ліхадзедава, якія дэманструюць, як вайна і мір суіснавалі на беларускай зямлі ў гады Першай сусветнай. Баі і франтавы побыт, догляд за параненымі і трагедыя бежанцаў – усе гэтыя тэмы будуць паказаныя вачыма салдат і мірных жыхароў па абодва бакі фронту.
Яркім элементам часовай экспазіцыі стануць унікальныя для Беларусі матэрыяльныя помнікі Першай сусветнай вайны, выстаўленыя ў памяшканнях і на адкрытым паветры: аэраплан, санітарны і эвакуацыйны фургоны, палявая кухня, элементы палявых умацаванняў.
На адкрыцці выставы запрошаны прадстаўнікі пасольстваў Расійскай Федэрацыі, Федэратыўнай Рэспублікі Германія і Рэспублікі Польшча. Чакаецца, што У.А. Ліхадзедаў перадасць дыпламатат шэраг арыгінальных фотаздымкаў часоў Першай сусветнай вайны, як сімвал узаемаразумення і замірэння былых удзельнікаў таго канфлікту.
Крыніца: histmuseum.by