Выстава пра ўцекачоў з Каўказа адкрыецца ў Брэсце
Прастора КХ (Брэст) запрашае наведаць выставу “Крэпасць Еўропа. Усходні бастыён”. Выстава будзе працаваць з 8 па 22 снежня паводле графіку: чацвер, пятніца: 17:00 - 19:00; субота, нядзеля: 15:00 - 19:00.
Выстава “Крэпасць Еўропа. Усходні бастыён”, тэма якой – становішча ўцекачоў Паўночнага Каўказу на беларуска-польскай мяжы, сталася вынікам супрацоўніцтва паміж мастакамі, куратарамі і валанцёрамі праваабарончай ўстановы Human Constanta.
У пачатку верасня Human Constanta разгарнула ў горадзе гуманітарную і праваабарончую місію па працы з уцекачамі. Адным з кірункаў дзейнасці ініцыятывы сталіся распаўсюд інфармацыі і асвета: прыцягненне ўвагі беларускай, польскай і міжнароднай грамадскасці да праблемы і спрыянне найхутчэйшаму яе вырашэнню, што з’яўляецца адной з важных задач місіі.
Вынікам сумеснай працы з прадстаўнікамі мастацкай супольнасці стала выстава. Мастацтва, якое заўжды было не толькі эстэтызацыяй рэчаіснасці, але і сродкам камунікацыі, сёння ўсё часцей звяртаецца да сацыяльна-палітычнай тэматыкі і можа з’яўляцца дзейсным сродкам для дасягнення змен у грамадстве.
Удзельнікі і ўдзельніцы:
Аляксандар Васюковіч
Марына Напрушкіна
Максім Сарычаў
Аляксей Талстоў
Валантэры праваабарончай місіі ўстановы “Human Constanta”
Куратары: Ілона Дзяргач і Аляксей Талстоў
Каардынатар праекта: Аляксей Казлюк