Восьмы набор на школу менеджэраў публічнага адміністравання SYMPA
Школа маладых менеджэраў публічнага адміністравання запрашае крэатыўных і канструктыўных маладых людзей ва ўзросце ад 25 да 40 гадоў, якія думаюць пра развіццё ўласнай кар’еры і краіны, пабудову партнёрскіх адносін з суседзямі па доме, раёне ды ўсёй Еўропе бясплатна павучыцца на адмысловым міжнародным курсе.
Міжнародная асветніцкая праграма – Школа маладых менеджэраў публічнага адміністравання SYMPA накіравана на фармаванне ў Беларусі супольнасцей маладых людзей, кампетэнтных у галіне дзяржаўнага кіравання.
Праграма SYMPA на 2017 год складаецца з 3 вочных сесій (у Беларусі, Літве і Швецыі) і працы ўдзельнікаў і ўдзельніц паміж сесіямі: дыскусій з экспертамі, палітыкамі і дыпламатамі, а таксама з напісання аналітычных эсэ і правядзення прэзентацый па тэматыцы школы для “аднакласнікаў”.
Праграма засяроджваецца на актуальнай для Беларусі праблематыцы і магчымасці ўжыць набытыя кампетэнцыі на практыцы ў галіне публічнага адміністравання.
Удзельнікі і ўдзельніцы атрымаюць веды ў галіне паліталогіі, эканомікі, міжнародных адносін, рэгіянальнага развіцця, мясцовага самакіравання і пазнаёмяцца з досведам дзяржаўна-прыватнага партнёрства, электроннага ўраду, працы з грамадскай думкай. Акрамя таго, арганізатары далучылі да праграмы вывучэнне практык дзяржаўнага кіравання ў краінах правядзення сесій, пад час чаго студэнты школы наведуюць парламенты, міністэрствы, гарадскія рады і г.д., сацыяльныя і адукацыйныя ўстановы, СМІ, грамадскія арганізацыі.
Расклад
1 сесія (уводная): «Уводзіны ў public administration»; месца і час правядзення – Мінск, 28–30 красавіка 2017 г.
2 сесія: «Досвед рэформ: дэцэнтралізацыя, прыватызацыя, электронны ўрад, удзел грамадзян», Вільнюс, лета 2017. Візіты: у Парламент, Міністэрства ўнутраных спраў, гарадскую раду Вільнюса, Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, тэлебачанне ды інш.
3 сесія: «Фінансавы менеджмент у публічным сектары. Недыскрымінацыя», Стакгольм, восень 2017. Візіты: у Парламент, міністэрствы і дзяржаўныя агенцыі і г.д.
Выкладчыкамі Школы будуць вядомыя эканамісты, палітолагі, сацыёлагі, журналісты, спецыялісты па публічным адміністраванні з Беларусі, Грузіі, Літвы і Швецыі, а таксама міжнародна прызнаныя эксперты з іншых краін.
Працоўныя мовы школы: беларуская, руская, ангельская.
Крытэры:
• узрост ад 25 да 40 гадоў;
• вышэйшая адукацыя;
• валоданне ангельскай мовай на ўзроўні разумення тэкстаў, лекцый і ўдзелу ў дыскусіях;
• грамадзянская актыўнасць: прыналежнасць да грамадскіх арганізацый, партый, прафесійных саюзаў і г.д.;
• матывацыя;
• лідарскія якасці, камунікабельнасць, крэатыўнасць;
• рэкамендацыі.
Працэдура адбору
1. Па выніках конкурсу заявак на ўводную сесію будуць запрошаны 30 слухачоў і слухачак.
2. Па выніках працы ўдзельнікаў на ўводнай сесіі і напісання эсэ будзе адабрана да 25 чалавек, якія паўдзельнічаць у сесіі ў Вільнюсе.
ДА ўдзелу ў выніковай сесіі ў Стакгольме будуць запрошаны 2/3,адабраныя па крытэры паспяховасці.
Слухачы, якія пройдуць поўны курс навучання, атрымаюць сертыфікат Swedish Institute for Public Administration – SIPU International і SYMPA.
Арганізатары пакрываюць выдаткі, звязаныя з удзелам у школе, улучаючы пражыванне і харчаванне. Унёсак удзельнікаў на пакрыццё траспартных выдаткаў складае 20 еўра на кожную выязную сесію (Вільнюс, Стакгольм).
Як падацца
Заяўкі на ўдзел прымаюцца да 24:00 16 красавіка. Заяўка запаўняецца па-ангельску.
Крыніца: sympa-by.eu