Весела і проста: курс «Беларускае мастацтва ХХ стагоддзя» для дзяцей

З 12 лютага да 14 траўня 2017 г. ў Галерэі сучаснага мастацтва "Ў"па адрасе: г. Мінск, праспект Незалежнасці 31 а  для дзяцей 7-12 гадоў  будзе ладзіцца інтэрактыўная адукацыйная праграма пра знакавых беларускіх мастакоў ХХ стагоддзя. Заняткі праводзяцца па нядзелях і будуць каштаваць 10 рублёў. Папярэдні запіс абавязковы.

Што мы ведаем пра тых, хто ствараў свае карціны, скульптуры, інсталяцыі 20, 50, 100 гадоў таму тут, у Беларусі? Што іх натхняла, пра што яны марылі, як стваралі свае працы? Як гэта паўплывала на нашу культуру? Пра гэта дзеці даведаюцца падчас нядзельных заняткаў, кожнае з якіх традыцыйна складаецца з дзвюх частак - мастацтвазнаўчай і практычнай. Спачатку дзеці ў лёгкай  адаптаванай форме даведаюцца пра мастака, пагуляюць у розныя крэатыўныя гульні, а потым на аснове творчасці таго ці іншага класіка створаць свае малыя і вялікія «шэдэўры», папрактыкуюцца ў розных тэхніках (маляванне, калажы, лепка, аплікацыя ды інш.).

Што атрымае дзіця ад гэтых заняткаў?

  • веды пра слынных беларускіх мастакоў;
  • пашыраны светапогляд і разуменне сучаснага мастацтва;
  • уменне адрозніваць стылі і напрамкі;
  • аналітычнае і крытычнае мысленне;
  • натрэніраваную памяць (праз гульні);
  • мора пазітыўных уражанняў ад заняткаў непасрэдна ў галерэі сучаснага мастацтва.


Заняткі курса вядзе мастацтвазнаўца Сафія Садоўская. Сафія скончыла Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт (Расія), прайшла практыку ў Музее выяўленчых мастацтваў імя Пушкіна (Маскве, Расія), працавала ў Нацыяльным Мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, таксама была вядучай дзіцячых экскурсій у межах вялікага выставачнага пректа Zabor. Суарганізартарка і куратарка «Дзіцячых Творчых майстэрань», прайшла анлайн-курс па інтэрактыўным навучанні Мастацтву дзетак і дарослых (музей «МоМА», Нью-Ёрк, ЗША).

«Дзіцячыя творчыя майстэрні» –  праект Галерэі «Ў» (Мінск), створаны для дзетак ва ўзросце ад 7 ды 12 гадоў, асноўная мэта якога – раскрыццё творчага патэнцыялу і развіццё вобразнага мыслення маленькага чалавека. Праз навучанне розным мастацкім тэхнікам, знаёмства з гісторыяй мастацтваў, а таксама з сапраўднымі мастакамі, куратарамі, мастацтвазнаўцамі, дызайнерамі, пісьменнікамі, паэтамі і музыкамі. «Дзіцячыя творчыя майстэрні» існуюць пяць гадоў. За гэты час было створана шэсць паўнавартасных курсаў для дзетак і дзевяць тэматычных фестывалей.

узрост: 7 -12 гадоў
кошт аднаго занятка: 10 рублёў,  папярэдні запіс - абавязковы.
месца: Галерэя сучаснага мастацтва «Ў», пр-т Незалежнасці, 37а
Даведкі і запіс па тэлефоне:  +375 (33) 3035960

Крыніца: www.facebook.com/Majsterni/