Валанцёрскі летнік на Тураўскім лугу (Беларусь)

Грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (Беларусь) запрашае ў валанцёрскі летнік, які пройдзе 12-15 жніўня 2016 года на Тураўскім лугу - тэрыторыі міжнароднага значэння. Добраахвотнікі мусяць расчысціць ад кустоўя арэал гнездавання кулікоў. Умовы валанцёрскай працы - па 6 гадзін на дзень. У праграме летніка - назіранне за птушкамі, экскурсіі ў Тураў і па наваколлі.

Патрабаванні да валанцёраў:

- узрост ад 18 год;

- здольнасць да фізічнай працы на прыродзе;

- інтарэс да дзікай прыроды.

Валанцёры мусяць трымацца правілаў бяспекі і рэгламенту летніка. У выпадку іх парушэнняў валанцёры вяртаюцца дамоў за свой кошт.

Вітаюцца кандыдаты, якім уласцівы наступныя якасці: прыязнасць, працавітасць, здольнасць знаходзіцца ў калектыве.

Умовы ўдзелу ў летніку:

- асноўныя выдаткі нясуць арганізатары, аднак магчымы невялікія выдаткі ўдзельнікаў;

- вандроўка па маршруце "Мінск - Тураў - Мінск" ажыццяўляецца на транспарце арганізатараў;

- харчаванне - за кошт арганізатараў, магчыма прыгатаванне страў ўдзельнікамі ў палявых умовах.

Удзельнікі мусяць узяць: працоўную адзежу (прыдатную для працы на прыродзе ва ўмовах пераменлівага надвор'я), адзенне для адпачынку і экскурсій, невялікі заплечнік, працоўныя пальчаткі, сродкі гігіены, галаўны ўбор.

Валанцёры, якія прытрымліваюцца дыеты, мусяць прадумаць магчымасці харчавання загадзя і абмеркаваць іх з арганізатарамі.

Магчымы ўдзел у летніку не на ўвесь тэрмін, а на некалькі дзён. Такі варыянт можна абмеркаваць па тэл.: (029) 870 46 16 (Максім).

Набор валанцёраў ідзе па 8 жніўня 2016 года. Кандыдаты мусяць даслаць запоўненую анкету на электронны адрас: [email protected] (з тэмай ліста "Тураў 2016"). Інфармацыя на рускай мове - тут.

 

Паводле Ptushki.org.