У продажы з’явіцца першы беларуска-англійскі слоўнік у малюнках

З 12 снежня гэтага года ў продажы з’явіцца першы беларуска-англійскі слоўнік у малюнках “Наш дом / Our Home”: больш за 2000 слоўнікавых адзінак на кожнай мове, алфавітныя паказальнікі з транскрыпцыямі, 32 падтэмы з яскравымі ілюстрацыямі – ад відаў будынкаў да дзеянняў на кухні, гаспадарчых прылад, вядзення хатняй гаспадаркі і рамонту.

Слоўнік "Наш дом / Our Home" – краўдфандынгавы праект, які быў ажыццёўлены ў 2015-2016 гадах беларускімі лінгвістамі-перакладчыкамі і валанцёрамі ў супрацы з выдавецтвам і кнігарняй “Галіяфы”. Асноўная частка грошай для выдання кнігі была сабраная на платформах “Талакошт” і “МаеСэнс”.

Адна са старонак беларуска-англійскага слоўніка ў малюнках


Не сакрэт, што ў Беларусі няшмат людзей добра валодаюць беларускай і англійскай мовамі. Суаўтары кнігі імкнуліся стварыць якасны моўны дапаможнік, а таксама зрабіць выданне максімальна карысным для беларусаў. “Спачатку мы планавалі слоўнік на 1200-1300 слоў, аднак у доме столькі цікавых рэчаў, што кніга “вырасла” да 2000 з гакам адзінак. “Наш дом” змяшчае як амерыканскія, так і брытанскія лексічныя варыянты, якія часта адрозніваюцца ў гэтым семантычным полі. Для транскрыпцый узяты за аснову брытанскі варыянт вымаўлення, які выкладаюць у беларускіх школах і вну”, – распавядае кіраўніца праекта Алена Ялавенка.

Крыніца: Паводле Алены Ялавенкі, кіраўніцы праекта "Слоўнік "Наш дом / Our Home" і каманды