Трэнінг па праектным мэнэджмэнце ў Аўстрыі
Моладзевы адукацыйны цэнтр "Fialta" запрашае моладзевых лідараў з Беларусі, Украіны, Грузіі, Эстоніі, Польшчы, Германіі, Францыі і Аўстрыі на міжнародны 8-дзённы трэнінг па праектным мэнэджмэнце. Навучанне пройдзе з 26 красавіка па 3 траўня 2015 года ў сталіцы Аўстрыі Вене.
Трэнінг мае мэтай засваенне моладзевымі лідарамі ведаў і навыкаў па развіцці іх арганізацыяў, пашырэнні ў грамадстве інфармацыі пра іх дзейнасць, прыцягненні дадатковых рэсурсаў.
Прафесійныя трэнеры распавядуць, як ініцыяваць, спланаваць і рэалізаваць праекты ў няўрадавай арганізацыі.
Праграма трэнінгу ўключае дыскусіі і "круглыя сталы", абмеркаванні з экспертамі, прэзентацыі групавых навучальных праектаў. Удзельнікі даведаюцца, як прымяніць атрыманыя веды ва ўласных арганізацыях.
Працоўная мова трэнінгу - ангельская. Удзел у мерапрыемстве бясплатны (арганізатары пакрываюць выдаткі на падарожжа ў Вену, пражыванне і забяспечваюць харчаванне). Трэнінг фінансуецца ў межах праграмы Erasmus + пры падтрымцы Еўракамісіі.
Патрабаванні да кандыдатаў:
- 20-35 гадоў,
- актыўнае сяброўства ў моладзевай некамерцыйнай арганізацыі і жаданне прымяніць атрыманыя веды дзеля яе развіцця (альбо развіцця супольнасці),
- валоданне ангельскай мовай на ўзроўні B1-B2 (для актыўнага ўдзелу ў дыскусіі),
- вітаецца досвед у сферы праектнага мэнэджмэнту
Кандыдаты мусяць запоўніць анлайн-заяўку да 20 лютага 2015 года.
Дадатковая інфармацыя размешчана тут.
Паводле Fialta.org.