Трэнінг для моладзевых адукатараў (Гродна)
30-31 ліпеня 2016 года ў Гродне (Беларусь) беларускамоўны рэсурс Adukacyja.info ладзіць бясплатны трэнінг для адукатараў моладзі: выкладчыкаў універсітэтаў і коледжаў, настаўнікаў старэйшых школьных класаў, вядоўцаў нефармальных адукацыйных курсаў і супрацоўнікаў устаноў дадатковай адукацыі, моладзевых работнікаў. Вітаюцца ўдзельнікі з рэгіёнаў Беларусі - з вёсак і невялікіх гарадоў.
Тэмы трэнінгу:
- Новыя трэнды ў адукацыі (навыкі 21-га стагоддзя, "гейміфікацыя", масавыя анлайн-курсы, "змяшаная" і "самакіруемая адукацыя", ментарства).
- Медыяпісьменнасць ды магчымасці інтэрнэту для адукацыі.
- Прыгожая візуалізацыя адукацыйных матэрыялаў.
- "Outdoor"-адукацыя (адукацыя на свежым паветры).
- Адукацыйныя магчымасці для беларускіх навучэнцаў і настаўнікаў.
- Кансультацыі па падрыхтоўцы акадэмічных і прафесійных рэзюмэ (CV) і матывацыйных лістоў.
- Асобны блок для настаўнікаў ангельскай мовы як замежнай: кансультацыі па асаблівасцях падрыхтоўкі да міжнародных тэстаў на веданне ангельскай мовы TOEFL і IELTS.
Вітаюцца кандыдаты, для якіх праца з моладдзю - нешта большае, чым правесці свой занятак і развітацца з вучнямі да наступнага разу.
Трэнінг прызначаны для Вас, калі Вы:
- імкнецеся авалодаць найноўшымі методыкамі правядзення заняткаў,
- жадаеце даведацца больш пра існуючыя магчымасці адукацыі і стажыроўкі за мяжой ды ў Беларусі,
- жадаеце вырашыць праблемы сваіх навучэнцаў, засвоіўшы працу з міні-праектамі,
- хочаце завесці кантакты са сваімі калегамі з іншых куткоў краіны.
Арганізатары пакрываюць выдаткі ўдзельнікаў на дарогу да Гродна, на пражыванне ды харчаванне.
Вядоўцы трэнінгу - адукатары, трэнеры, выкладчыкі ды выпускнікі беларускіх і замежных праграм.
Набор ідзе да 5 ліпеня 2016 года. Каб запісацца, неабходна запоўніць анлайн-анкету. Пра вынікі адбору арганізатары паведамяць 10-га ліпеня. З уражаннямі ўдзельнікаў трэнінгу мінулага года можна азнаёміцца тут.
Паводле Adukacyja.info.