Трэнінг для будучых арганізатарў і арганізатарак Жывых Бібліятэк у Беларусі
Знешне Жывая Бібліятэка выглядае вельмі проста, і праз гэты фармат карыстаецца ўсё большым попытам у беларускіх ініцыятыў і арганізацый. Але каманда Цэнтра развіцця эфектыўнай камунікацыі “Жывая Бібліятэка”, маючы трохгадовы досвед арганізацыі фармату ў Беларусі, з упэўненасцю можа сказаць, што гэта зусім не так! Для ўдзелу ў трэнінгу неабходна да 30 кастрычніка запоўніць заяўку. Колькасць месцаў абмежаваная, і арганізатары пакідаюць за сабой права адбору ўдзельнікаў на падставе матывацыі і з улікам роўнай прадстаўленасці розных груп (гендар, узрост, месца пражывання і г.д.). З адабранымі ўдзельнікамі і ўдзельніцамі арганізатары звяжуцца не пазней за 5 лістапада па электроннай пошце.
Для каго трэнінг? Для будучых Бібліятэкараў, то-бок для тых, хто хоча самастойна альбо ў складзе каманды Жывой бібліятэкі ў сваёй арганізацыі, школе, універсітэце, горадзе, вёсцы ладзіць Жывыя Бібліятэкі і змяняць грамадства да лепшага. Галоўнае жадаць рабіць Жывыя Бібліятэкі ў Беларусі разам і прытрымлівацца каштоўнасцей (павага да правоў чалавека і разнастайнасці грамадства, недыскрымінацыя, роўнасць).
Трэнінг запланаваны на 12 лістапада 2017 года (нядзеля) на поўны дзень у г. Мінску. Чакаецца, што ўсе ўдзельнікі перад трэнінгам 11 лістапада наведаюць Жывую Бібліятэку ў Мінску з мэтай непасрэднага знаёмства з фарматам.
Арганізатары мерапрыемства пакрываюць транспартныя выдаткі ўнутры краіны (цягнік, маршрутка, аўтобус), забяспечваюць харчаванне падчас трэнінгу. Пры неабходнасці ў выключных выпадках можа весціся размова пра кампенсацыю выдаткаў на пражыванне ў Мінску падчас трэнігу.
Пры ўзнікненні пытанняў звяртайцеся на электронную пошту [email protected] з пазнакай у тэме ліста “Трэнінг 12.11”.
Крыніца: facebook.com/humanlibraryby