Трэці Дзень народзінаў Жывой Бібліятэкі
Каманда Жывой Бібліятэкі адзначае трэцюю гадавіну свайго існавання і запрашае далучацца да святкавання! 13 кастрычніка ў 17.00 ў Сталоўцы XYZ (вул. Фабрыцыуса,4, будынак без ліфта) адбудзецца цудоўная і непаўторная Жывая Бібліятэка, дзе кожны ў які раз зможа дакрануцца да Іншага і яшчэ больш пазнаць сябе.
Тры гады таму гэты праект распачалі тры дзяўчыны, якія не пайшлі за сваімі страхамі, паслалі куды падалей пракрастынацыю і адкрыліся новаму. Дзве з іх разам з вялікай камандай і сёння дапамагаюць разбурыць стэрэатыпы кожнаму, хто дазваляе сабе зірнуць на гэты свет інакш. У тры гады дзіця пераадольвае своеасаблівую псіхалагічную мяжу: пакідае ясельны ўзрост і становіцца дашкольнікам. У яго з'яўляецца ўпэўненасць у самім сабе і сваіх сілах, выяўляюцца настойлівасць, кемлівасць, упартасць.
З праектам здарылася тое ж самае. Можа быць, у гэты праект нехта і не верыў, але дзяўчыны ўпэўнена і без хвалявання пайшлі сваім шляхам, бо ведалі, што ўсё і заўсёды пачынаецца з малога. Да таго ж нешта падказвала, што наперадзе нас чакае штосьці большае.
13 кастрычніка, пачынаючы з 21.00 усё будзе надзвычай афіцыйна. Будуць падводзіцца вынікі і віншаванні адно аднаго: дзякуючы камандзе ў праекта ёсць нешта, што дае магчымасць розным людзям адчуць смак жыцця. Каму такое не зусім цікава – можна будзе адысці папіць кавы. А 23-й гадзіне вы проста павінны вярнуцца, каб затусіць на вечарыне. Будуць танчыць да раніцы пад слаўныя біты музычнай суполкі БАССОТА.
Уваход, як і заўсёды, вольны! Па жаданні можна прайсці папярэднюю рэгістрацыю на новым сайце альбо па спасылцы да 21:00 12 кастрычніка. Усе зарэгістраваныя чытачы перад мерапрыемствам атрымаюць электронную версію поўнага каталогу кніг. Мерапрыемства будзе праходзіць у фармаце міжнароднай метадалогіі Human Library.
Крыніца: humanlibrary.by