Tallinn Music Week 2016 запрашае беларускіх музыкаў і менеджэраў
Найбуйнейшы ў краінах Балтыі і Усходняй Еўропы музычны шоўкейс-фестываль Tallinn Music Week, які адбудзецца з 28 сакавіка да 2 красавіка 2016 года, адкрыў прыём заявак ад беларускіх артыстаў і менеджэраў.
Увесну 2015 у межах сёмага фестывалю Tallinn Music Week 2015 на 36 клубных пляцоўках выступілі 206 артыстаў з 25 краін. Канцэрты наведалі 24 тысячы гледачоў, а таксама больш за 500 адмыслоўцаў – прадстаўнікоў лэйблаў, фестываляў, прамоўтэраў, журналістаў – з розных краін свету. Яны таксама дзяліліся досведам у межах прафесійнай канферэнцыі, якая адбываецца паралельна. Сярод іх 183 адмыслоўцы з Фінляндыі, 59 з Латвіі, 44 з Вялікабрытаніі, па 28 з Літвы і Польшчы, 27 з Нямеччыны.
Беларусы цягам двух гадоў з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі Tallinn Music Week і апошнім разам нават паставілі рэкорд за ўвесь час фестывалю па колькасці заявак ад замежнай дзяржавы. На мерапрыемстве выступалі беларускія артысты Super Besse, «Петля пристрастия», Deech, Alexei De Bronhe, Devil Dandies, Trubetskoy.
Сталым партнёрам Tallinn Music Week у Беларусі з’яўляецца сайт Experty.by, які таксама з’яўляецца рэгіянальным прадстаўніком шоўкейс-фестываляў Ment Ljubljana (Славенія), Vilnius Music Week (Літва), Moscow Music Week (Расія), а таксама Lost In Music (Фінляндыя) дзе ў сярэдзіне кастрычніка выступяць Shuma, Super Besse і Mustelide.
Удзел у музычнай праграме Tallinn Music Week бясплатны. Арганізатары забяспечваюць абсталяванне для выступа і жытло ў дзень канцэрта. Заяўкі ад артыстаў (поп, рок, электроніка, джаз, блюз, класіка ды інш.) прымаюцца да 1 лістапада 2015 года. Для ўдзелу неабходна запоўніць адмысловую форму заяўкі. Таксама адчыненая платная рэгістрацыя дэлегатаў и гледачоў на канферэнцыю. Падрабязна пра варыянты ўдзелу - на сайце Experty.by.
Крыніца: Generation.by.