SYMPA: Набор удзельнікаў праграмы на 2016 год
Абвешчаны набор слухачоў міжнароднай праграмы "Школа маладых менеджэраў публічнага адміністравання SYMPA".
Праграма скіравана на фарміраванне ў Беларусі супольнасці маладых людзей, кампентэнтных у сферы дзяржкіравання. Запрашаюцца мэтанакіраваныя людзі ва ўзросце 25-40 гадоў, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, маюць вышэйшую адукацыю, валодаюць ангельскай мовай і працуюць у сферы дзяржкіравання, адукацыі, сацыяльнай справы, грамадскіх арганізацыях, у бізнэсе, палітыцы.
Праграма ўключае 4 сесіі ў Беларусі, Грузіі, Літве і Швецыі. Паміж сесіямі ладзяцца дыскусіі з экспертамі, палітыкамі і дыпламатамі. Удзельнікі праграмы напішуць аналітычныя эсэ і будуць праводзіць прэзентацыі для ўдзельнікаў Школы.
Тэмы сесій:
1) Уводзіны ў публічнае адміністраванне (28-31 студзеня 2016 года, Мінск).
2) Дэцэнтралізацыя, прыватызацыя, электронны ўрад і ўдзел грамадзян (сакавік 2016 года, Тбілісі: візіты ў парламент, гарадскую адміністрацыю, міністэрства эканомікі, міністэрства аховы здароўя, працы і сацыяльных спраў і інш.).
3) Трансфармацыйныя працэсы ў краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы (чэрвень 2016 года, Вільнюс: візіты ў парламент, гарадскую раду, Вільнюсскі ўніверсітэт, на грамадскае тэлебачанне).
4) Фінансавы менеджмент у публічным сектары (жнівень-верасень 2016 года, Стакгольм: візіты ў парламент, міністэрствы, дзяржаўныя агентствы і інш.).
Праграма сфакусавана на актуальнай для Беларусі праблематыцы. Удзельнікі атрымаюць сучасныя веды па паліталогіі, эканоміцы, міжнародных адносінах, рэгіянальным развіцці, меясцовым самакіраванні, пазнаёмяцца з прыкладамі дзяржаўна-прыватнага партнёрства, электроннага кіравання.
Навучэнцы пазнаёмяцца з практыкамі дзяржкіравання ў краінах правядзення сесій.
Выкладчыкі Школы - эканамісты, палітолагі, сацыёлагі, журналісты, спецыялісты па публічным адміністраванні.
Мовы навучання - беларуская, руская, ангельская.
Патрабаванні да кандыдатаў/кандыдатак:
- узрост 25-40 гадоў,
- вышэйшая адукацыя,
- валоданне ангельскай мовай (разуменне тэкстаў, лекцый, удзел у дыскусіях),
- грамадзянскай актыўнасць (сяброўства ў грамадскіх аб'яднаннях, партыях, прафесійных саюзах),
- матываванасць,
- лідарскія якасці, камунікабельнасць, крэатыўнасць.
Кандыдатам неабходна даслаць запоўненую на ангельскай мове заяўку на электронны адрас: [email protected]. Дэдлайн - 24:00 15 студзеня 2016 года. Падрабязнасці - тут.
Крыніца: Sympa-by.eu.