Стыпендыі ўраду Румыніі для навучання ў 2015-2016 годзе

МЗС Румыніі сумесна з Міністэрствам адукацыі Румыніі прапануе 85 стыпендый для неграмадзян Еўразвязу для атрымання адукацыі ў 2015-2016 навучальным годзе ў наступных сферах: румынская культура, палітычныя навукі і адміністраванне, педагогіка, журналістыка, тэхнічныя спецыяльнасці, нафта і газ, аграномія, ветэрынарыя, архітэктура, мастацтва, музыка. Навучанне па спецыяльнасцях вядзецца толькі на румынскай мове. Кандыдаты, якія валодаюць мовай, павінны здаць экзамен. Для кандыдатаў, якія не валодаюць румынскай, прадугледжаны бясплатныя моўныя курсы ў адным з універсітэтаў.

Стыпендыя ўключае:

  • выдаткі на навучанне;
  • пражыванне ў інтэрнаце;
  • штомесячную фінансавую падтрымку (эквівалент у румынскіх леях) ў памеры: 65 еўра – бакалаўрыят, 75 еўра – магістратура, 85 еўра – дактарантура.

Неабходныя дакументы:

  1. запоўненая анкета МЗС Румыніі,
  2. запоўненая анкета Міністэрства адукацыі Румыніі,
  3. легалізаваныя копіі, апастыль і легалізаваны пераклад на румынскую мову дакументаў, што пацвярджаюць адукацыю (атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі, дыплом аб вышэйшай адукацыі і дадатак да дыплома для магістрантаў і дактарантаў),
  4. легалізаваныя копія і пераклад пасведчання аб нараджэнні,
  5. легалізаваная копія ўсіх старонак пашпарту,
  6. медыцынская даведка,
  7. рэзюмэ,
  8. 4 фотаздымкі памеру 3,5 см x 4,5 см.

Дакументы неабходна прадставіць да 28 студзеня 2015 года ў Амбасаду Румыніі ў Беларусі, якая знаходзіцца па адрасе: Мінск, Калінінградскі завулак, 12.

Больш падрабязна пра стыпендыю можна даведацца ў Амбасадзе Румыніі ў Беларусі па тэлефонах: (017) 292 73 99, (017) 292 74 99, альбо на сайце.

 

Паводле Adukacyja.info.