Стыпендыі Цэнтра гарадской гісторыі Цэнтральна-Усходняй Еўропы (Львоў)
Гісторыкі-даследчыкі і маладыя навукоўцы могуць удзельнічаць у штогадовай стыпендыяльнай рэзідэнцкай праграме Цэнтра гарадской гісторыі Цэнтральна-Усходняй Еўропы ў Львове (Украіна). На праграму набіраецца 5 маладых навукоўцаў, якія працуюць над дысертацыяй або публікацыямі, таксама прадугледжана 5 стыпендый для дасведчаных даследчыкаў. Навукоўцы змогуць ладзіць даследаванні, карыстацца рэсурсамі Цэнтра (бібліятэкай, медыя-архівам), ладзіць прэзентацыі, удзельнічаць у семінарах і развіваць навуковыя кантакты.
Вітаецца ўдзел гісторыкаў, культуролагаў, антраполагаў. Установа прымае заяўкі на даследаванні гарадской гісторыі Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы 19-20 стагоддзя з боку грамадскіх і гуманітарных навук. У прыватнасці, даследаванні могуць быць прысвечаны працэсам урбанізацыі шматэтнічных гарадоў, досведу гараджан падчас радыкальных перамен (войн) 20-га стагоддзя, лічбавай і публічнай гісторыі, інш.
Удзельнікі рэзідэнцкай праграмы будуць жыць у гатэльных пакоях Цэнтра на працягу 1-го месяца. Апартаменты знаходзяцца ў будынку, дзе месціцца офіс установы, - у цэнтры Львова. Рэзідэнцкая праграма не пакрывае выдаткі на дарогу і харчаванне.
Патрабаванні да кандыдатаў:
- з'яўляцца аспірантам,
- быць даследчыкам з навуковай ступенню (заяўкі магістрантаў і студэнтаў не прымаюцца).
Разглядаюцца заяўкі праектаў, праца над якімі ажыццяўляецца на працягу года і вымагае карыстання львоўскімі архівамі.
Заяўка на ўдзел у праграме складаецца з:
- апісання праекта (1-2 тыс. словаў);
- рэзюмэ;
- спісу публікацый;
- ліста-рэкамендацыі даследчыка, які знаёмы з праектам заяўніка (для кандыдатаў без навуковай ступені).
Заяўкі прымаюцца па 13 сакавіка 2016 года на беларускай, украінскай, польскай, рускай або ангельскай мове праз е-мэйл: [email protected] (тэма ліста "Residence Grant Application 2016"). Па дадатковых пытаннях можна звяртацца да каардынатаркі стыпендыяльных праграм Ірыны Мацэўкі: [email protected]. Падрабязная інфармацыя - на гэтай старонцы.
Крыніца: NashaPamiac.org.