Школа пісьменніцтва W/Rights абвяшчае новы набор
Саюз беларускіх пісьменнікаў запрашае ў Школу пісьменніцтва «W/Rights» (навучанне бясплатнае). Калі табе да 35 гадоў, і ты пішаш прозу, паэзію альбо перакладаеш вершы з замежных моваў — смела падавай заяўку на электронную пошту: [email protected] да 20 верасня 2019. Выкладанне ў Школе будзе весціся на дзвюх аддзяленнях: «Паэзія/Пераклад паэзіі» і «Мастацкая проза».
Новы адукацыйны праект спалучае сямігадовы досвед Школы маладога пісьменніка і актуальныя патрэбы маладых літаратараў. «W/Rights» аб'ядноўвае паэтаў, празаікаў і перакладчыкаў, якія падчас навучання не толькі палепшаць якасць сваіх тэкстаў, але і атрымаюць механізм рэалізацыі сваіх культурніцкіх правоў.
Школа пісьменніцтва «W/Rights» — гэта:
- базавыя веды ў галіне культурніцкіх правоў;
- актуальныя практыкі creative writing;
- камунікацыя і ўзаемнае абмеркаванне тэкстаў з калегамі;
- тэорыя прозы, паэзіі і паэтычнага перакладу;
- навучанне асновам прамоцыі, краўдфандынга і фандрайзінга ў сферы культуры;
- семінары па выяўленні мовы варожасці ў тэкстах;
- воркшопы з найлепшымі паэтамі і пісьменнікамі Беларусі;
- сустрэчы з выдаўцамі, дызайнерамі і спецыялістамі па аўтарскім праве;
- магчымасць надрукаваць свае творы.
Заяўка павінна ўключаць:
- узор уласнай прозы (для аддзялення «Мастацкая проза») альбо паэзіі/перакладу (для аддзялення «Паэзія/Пераклад паэзіі») любога жанру на беларускай мове аб’ёмам 2-5 старонак;
- матывацыйны ліст з адказам на пытанне, чаму вы хочаце навучацца ў Школе;
- спіс з 5-10 кніг, якія на вас паўплывалі найбольш.
Крыніца: lit-bel.org