Шчырыя размовы з былымі вязнямі канцлагераў
21 красавіка ў 13:00 Цэнтр развіцця эфектыўнай камунікацыі «Жывая Бібліятэка» і МГА «Узаемапаразуменне» запрашаюць на Шчырыя размовы з былымі вязнямі канцлагераў. Мерапрыемства прымеркавана да Міжнароднага дня вызвалення вязняў нацысцкіх канцлагераў, які адзначаюць 11 красавіка. Для ўдзелу ў мерапрыемстве варта прайсці папярэднюю рэгістрацыю, бо колькасць месцаў абмежаваная. Сустрэча пройдзе па адрасе г. Мінск, пр. Дзяржынскага, 80-1Н.
Час бяжыць, і прамых сведкаў тых журботных падзей літаральна з кожным днём становіцца ўсё меней. Мы ладзім гэтыя размовы для таго, каб вы на ўласныя вушы змаглі пачуць гісторыі людзей, якіх яшчэ дзецьмі адаслалі на прымусовую працу, у гета, канцлагеры падчас Другой сусветнай вайны. Цяпер ім усім больш за 75 гадоў, і для вас гэта можа стаць ледзь не апошнім шанцам паразмаўляць са сведкамі тых падзей жыўцом.
Героі нашай сустрэчы – людзі, якіх у дзяцінстве адаслалі ў лагеры Маўтхаўзэн, Азарычы, Вітэн-Анэн, Дэсау і габрэйскае гета. Наведвальнікі атрымаюць магчымасць паразмаўляць з імі, задаць свае пытанні.
“Шчырыя размовы” – гэта камунікацыя ў невялікіх групах па 5-7 чалавек з першакрыніцамі інфармацыі. Наведвальнікі прыходзяць, абіраюць з прапанаванага спісу Героя, запісваюцца да яго і размаўляюць 20-30 хвілін.
Крыніца: facebook.com